Энергія пакаленняў. Выхад на пенсію – не падстава для суму, упэўнены наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей ТЦСАН г. Ляхавічы /фота/

Кожны дзень – новы занятак, новая прыгода. У гуртку «Бабулін клубочак» вяжуць, вышываюць, робяць вырабы ў тэхніцы дэкупаж. Для аматараў шашак і шахматаў створаны гурток «Белая ладдзя». У «Залатым узросце» танцуюць, спяваюць, ладзяць тэатральныя пастаноўкі. На сустрэчах літаратурнага аб’яднання «Спадчына» абмяркоўваюць творчасць класікаў. З задавальненнем збіраюцца на духоўныя сустрэчы.

Выхад на пенсію – не падстава для суму, упэўнены наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей ТЦСАН. Сваім прыкладам яны яскрава даказваюць, што актыўна, з радасцю і карысцю для здароўя можна жыць да глыбокай старасці.
Для творчасці ў аддзяленні ёсць усе ўмовы: утульная зала, сцэна, фартэпіяна, вялікі стол з крэсламі, каб парукадзельнічаць. А зусім нядаўна ў раёне адчыніла свае дзверы «Гарохавая дача» – першая ў Брэсцкай вобласці сацыяльная дача для пажылых людзей. Яна знаходзіцца ў аграгарадку Русінавічы і створана на базе мясцовага Дома сацыяльных паслуг. Тут нашы землякі залатога ўзросту, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, шматдзетныя сем’і змогуць праводзіць свой вольны час на свежым паветры.
Жыццёвая актыўнасць пенсіянераў здзіўляе. Яны мудрыя, энергічныя, валодаюць камп’ютарам, актыўна карыстаюцца мабільнай сувяззю і інтэрнэтам.
Зайздросце!
Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.