В Ляховичском районе проводится месячник по уборке территорий

Не прыдрацца: прыгожа і акуратна ля цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Хто не памятае — напомнім: з 15 кастрычніка па 15 лістапада ў нашым раёне праводзіцца месячнік па ўборцы тэрыторый. Такі вось непамечаны ў календары месяц чысцень. Дачыненне да яго мае кожны з жыхароў раёна, літаральна ўсе працоўныя калектывы, незалежна ад формы ўласнасці арганізацыі, установы, прадпрыемства. Многія паклапаціліся пра тое, каб праграму генеральнай уборкі выканаць па ўсіх пунктах і параграфах, іншыя толькі пачалі, а ёсць і такія, хто робіць выгляд, што іх хата з краю. Але хоць у цэнтры, хоць з краю — парадак наводзіць трэба. Тым больш, што нечаканы візіт зімы і наступная адліга работы дабавілі і адрасы клопатаў выявілі вельмі выразна. І кветкі пасля маразоў «просяцца» з клумбаў, і апалае лісце счарнела, і пакеты са смеццем, непатрэбшчына, вынесеная з кватэр у некаторых дварах не маюць ніякіх змякчальных абставін для свайго існавання тут, цяпер, а не на сметніку. Аб’ектыўны аб’ектыў адлюстраваў вельмі непрыемную карціну, якая не першы дзень «упрыгожвае» вуліцу Чкалава. Паважаныя аўтары гэтага «дызайну», калі ласка, навядзіце парадак — самім жа прыемней будзе!
Але прыкладаў супрацьлеглага плану — пазітыўных і аптымістычных — значна больш. Маецца на ўвазе і прыватны сектар, і вытворчыя тэрыторыі. Успомніць вуліцу Дзесюкевіча ў гэтым сэнсе вельмі дарэчы: і парадак, і добраўпарадкаванне тут на зайздрасць. Многае зроблена камунгасам, многае — калектывамі арганізацый, размешчаных тут, многае — жыхарамі. Тыповая карціна, напрыклад, ля цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі: чысціня, просты, але з добрым густам дызайн тэрыторыі, парадак. Гэта ж у поўнай меры адносіцца і да СШ № 1 г. Ляхавічы, і да апартаментаў фонда сацыяльнай абароны насельніцтва.

Адрас непарадку: вул. Чкалава ў райцэнтры.

Месяц чысцень працягваецца, і яшчэ можна і трэба паспець зрабіць тое, што адкладвалася на апошні момант. Пакуль сапраўдная зіма не пачалася.
Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *