Ляхавічане сустрэліся з творчымі зямлячкамі

Сярод вялікай колькасці ўрачыстасцей, прысвечаных 520-годдзю Ляхавіч, было і мерапрыемства ў літаратурнай гасцёўні раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Супрацоўнікі Купалаўкі арганізавалі сустрэчу з нашымі творчымі зямлячкамі Валянцінай Пабягайла і Галінай Жывіцай.
Творчасць Валянціны Іванаўны добра вядома ляхавічанам. А вось імя Галіны Жывіцы знаёма нямногім, хаця нарадзілася яна на Ляхавіччыне і нейкі час працавала тут настаўніцай пачатковых класаў. Характэрна, што многія з яе тутэйшых выхаванцаў выбралі для сябе прафесію педагога. Жывіца — дзявочае прозвішча, якое стала і творчым псеўданімам, а ў Масалянскім вучэбна-педагагічным комплексе Бераставіцкага раёна Гродзеншчыны, дзе яна працуе намеснікам дырэктара, вучні з ахвотай ідуць на ўрокі беларускай мовы і літаратуры да Галіны Уладзіміраўны Румак (прозвішча па мужу).
— Сустрэча з Галінай Жывіцай стала сапраўдным святам — яна незвычайнай душы чалавек. Жанчына адразу заваявала сімпатыі прысутных сваёй шчырасцю, энергічнасцю, рознабаковасцю натуры. Сустрэча прайшла на адным дыханні, — гаворыць дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч. — Паэтка не толькі натхнёна чытала свае творы, але і спявала, іграла на гітары. Дарэчы, яна сама піша музыку на свае вершы.
У дар бібліятэцы перадала кнігу «Вачыма берасцянкі», у якой зрабіла надпіс: «Маю гонар быць далучанай да нашай роднай Ляхавіччыны. Чытачам з пажаданнямі сонечнай будучыні».
— Я доўга ішла да сваіх вершаў, яны — промні маёй душы, — сказала Галіна Жывіца.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Галіны КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *