Прызы ад Генадзія Валюкевіча знайшлі сваіх уладальнікаў/фота/

землякі

Гэта стала ўжо спартыўнай прыкметай восені. Ці прыкметай спартыўнай восені Ляхавіччыны — каму як падабаецца. Тым больш, што абодва варыянты сутнасць адлюстроўваюць вельмі блізка, у аднолькавай ступені раскрываюць значнасць і важнасць падзеі. Назва ёй — адкрыты рэспубліканскі турнір па лёгкай атлетыцы на прызы майстра спорту міжнароднага класа, чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча.

Еўрапейскае чэмпіёнства ўраджэнец Ліпска прымяраў на сябе двойчы. Неаднаразова станавіўся пераможцам і прызёрам розных іншых высокіх міжнародных стартаў. Спаборніцтвы саюзнага значэння — зімовыя і летнія чэмпіянаты, спартакіяды народаў СССР — наш зямляк выйграваў больш як дзясятак разоў. Яго дысцыпліна — трайны скачок, а найлепшым за кар’еру атлета стаў «палёт» на 17 метраў 75 сантыметраў. Гэты і па сённяшнім часе бліскучы вынік быў паказаны 26 красавіка 1986 года.
Прайшлі гады. Шмат змен адбылося ў грамадстве, у спорце, у жыцці кожнага з нас. З завяршэннем кар’еры спартсмена Генадзій Іванавіч «не завязаў» з фізкультурай і спортам. Як сам расказваў падчас нядаўняга прыезду ў Ляхавічы, якім бы напружаным ні быў паўсядзённы графік, час для фізічных практыкаванняў можна знайсці заўсёды. Плаванне, лёгкая атлетыка, элементарная гімнастыка… Не прынцыпова што, галоўнае як і наколькі рэгулярна.
Апошні турнір на прызы чэмпіёна стаў ужо сёмым па ліку. Стартаваў як абласны, за 5 гадоў «падняўся» і атрымаў статус рэспубліканскага. Назіраючы ўвесь гэты час за турнірам вельмі блізка, амаль знутры, хочацца засведчыць, што кожны раз арганізатары (аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама) імкнуцца надаць спаборніцтвам больш крэатыву, прыўнесці адмысловасці. Кожны раз назіраецца нешта новае: ці то ў плане арганізацыі спаборніцтваў, іх праграмы, знешніх атрыбутаў. На гэты раз, напрыклад, у турніра з’явіліся свой вымпел і памятны медаль. У адрозненне ад першага, медаль выкананы ў эксклюзіўным варыянце спецыяльна для Генадзія Валюкевіча — з павагай і ўдзячнасцю.

У багатай калекцыі Генадзія Валюкевіча такога медаля яшчэ не было.

Даючы афіцыйны старт турніру, экс-чэмпіён адзначыў для юных лёгкаатлетаў важнасць заняткаў спортам: «…Не столькі дзеля спорту вышэйшых дасягненняў, хоць, безумоўна, такую перспектыву неабходна трымаць у галаве, імкнуцца да яе не лішне кожнаму выхаванцу. Спорт адкрывае і абяцае нямала іншых, магчыма, больш значных і патрэбных у жыцці рэчаў. Фарміруецца характар, гартуецца здароўе, складваюцца новыя знаёмствы, якія — ведаю з уласнага вопыту — вельмі часта аказваюцца шчырымі і трывалымі. Дзякуй, што адгукнуліся на запрашэнне, палічылі патрэбным і знайшлі магчымасць прыняць удзел у спаборніцтвах. Жадаю, каб і ў спорце, і, галоўнае, у жыцці не здаралася фальстартаў, каб усе спробы аказваліся заліковымі. Удалых стартаў і пераможных фінішаў!».
Неабходна адзначыць і той факт, што праходзіў 7 турнір на месяц раней, чым усе папярэднія: 26 і 27 кастрычніка замест, прыкладна, гэтых жа дат у лістападзе. Перанос не выпадковы, выкліканы жаданнем вынесці частку праграмы спаборніцтваў «на вуліцу». Думаецца, кожны згодны з меркаваннем, што бег на тысячу метраў ці спартыўная хадзьба на такую ж дыстанцыю выглядаюць куды больш гарманічна на 400-метровым авале адкрытага стадыёна, чым у цеснай і зусім не для таго прызначанай спартыўнай зале для гульняў з мячом.
Не атрымалася. Прырода выступіла супраць — выставіла бар’ер у выяве нетыповага для такой пары снегападу і моцнага ветру.
За прызы Генадзія Валюкевіча на гэты раз змагаліся 14-гадовыя і яшчэ больш юныя лёгкаатлеты з Баранавіцкай і Ганцавіцкай СДЮШАР, Столінскай, Баранавіцкага раёна і Ляхавіцкай ДЮСШ. Праграма спаборніцтваў складалася з бегу на 30, 300, 600 і 1000 метраў, уключала таксама змешаную — 2 юнакі і столькі ж дзяўчат — бегавую эстафету, спартыўную хадзьбу на 1000 метраў, скачкі — у даўжыню і, канешне ж, трайны.
Ангеліна Сліва першынствавала ў бегу на 600 і 1000 метраў. Юлія Лешык выйграла забег на 300, а Ягор Грыгарук на 600 метраў. За ляхавічанамі засталася і эстафета: квартэт у складзе ўжо названых Юлі і Ягора, а таксама Іны Бадак і Ільі Кузьміча выканаў гэтае практыкаванне ў добрым тэмпе, зладжана і заслужана стаў лепшым. Яшчэ адна перамога ў актыў гаспадароў спаборніцтваў прыйшла ці не ў літаральным сэнсе: у спартыўнай хадзьбе на 1000 метраў лепшай стала наша Аксана Канапельчанка.
А вось трапіць на п’едэстал у скачковых дысцыплінах у ляхавічан не атрымалася. Не дазволілі суседзі з Баранавіч, якія тут відавочна саліравалі.
У якасці ўзнагарод пераможцы і прызёры спаборніцтваў атрымалі граматы аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама з неблагім грашовым дапаўненнем ад Генадзія Валюкевіча.
Турнір завершаны. Да сустрэчы на турніры!
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *