Прышчэпка, здаровы лад жыцця, флюараграфія – вашы галоўныя саюзнікі ў барацьбе з туберкулёзам

Прышчэпка, здаровы лад жыцця, флюараграфія – вашы галоўныя саюзнікі ў барацьбе з туберкулёзам
Віталій ЦІХАНАЎ,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна:
– Туберкулёз па-ранейшаму застаецца адной з самых небяспечных і распаўсюджаных хвароб. Кожную секунду ў свеце інфіцыруецца адзін чалавек. З усяго насельніцтва зямнога шара трэць ужо інфіцыравана мікабактэрыямі туберкулёзу. Ад яго прагрэсіруючых форм штогод памірае каля 5 мільёнаў чалавек.
Гэта інфекцыйнае захворванне часцей за ўсё паражае органы дыхання, але яно не шкадуе і косці, суставы, вочы, скуру, ныркі, нервовую сістэму. Пры любой лакалізацыі працэсу церпіць не толькі пашкоджаны орган, але і ўвесь арганізм.
Туберкулёз – хвароба сацыяльная, і ў значнай ступені яе распаўсюджванне залежыць ад умоў жыцця чалавека. “Паразітуе” яна часцей за ўсё там, дзе не захоўваюцца элементарныя правілы чалавечых зносін: у асяроддзі алкаголікаў, наркаманаў, асуджаных, асоб без пэўнага месца жыхарства. Тым не менш, рызыка захварэць існуе для любога з нас.
Заразіцца туберкулёзам можна не толькі пры непасрэдных зносінах з хворым, але і пры дакрананні да яго рэчаў. Туберкулёзныя палачкі (палачкі Коха) трапляюць у арганізм здаровага чалавека часцей за ўсё паветрана-кропельным шляхам (пры размове, кашлі, чханні), кантактна-бытавым (пры карыстанні агульнымі ручнікамі, посудам і г.д.), а таксама з ежай (пры ўжыванні малака ці мяса ад хворых жывёл, птушак). Макрота хворага пры сплёўванні, трапіўшы на зямлю, высыхае, а потым з пылам трапляе ў дыхальныя шляхі здаровых людзей.
Каб інфекцыя не заспела вас знянацку, рэгулярна праходзьце рэнтгенафлюараграфічнае абследаванне. Не перашкаджайце правядзенню прышчэпак і пастаноўцы туберкулінавых проб Манту сваім дзецям. Павысіць ахоўныя сілы арганізма і супрацьстаяць туберкулёзу вам дапаможа здаровы лад жыцця.
Туберкулёз – хвароба хранічная, для лячэння якой патрабуецца працяглы час (год і больш пры ўмове строгага выканання прадпісанняў урача), затрачваюцца значныя дзяржаўныя і ўласныя сродкі. Адным словам, адносіцца да разраду такіх захворванняў, якія лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.

Таццяна УСЦЮШКОВА,
урач-валеолаг цэнтральнай раённай бальніцы:
– Кожныя 20 секунд – адна смерць. Кожная гадзіна – 180 забраных жыццяў. У гэтыя лічбы складана паверыць, але менавіта статыстыка найбольш красамоўна гаворыць пра тое, якія маштабы ў свеце мае туберкулёзная праблема.
Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам праходзіць пад эгідай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і міжнароднага саюза па барацьбе з туберкулёзам і лёгачнымі захворваннямі.
Туберкулёз – хранічнае інфекцыйнае захворванне, узбуджальнікам якога з’яўляецца туберкулёзная мікабактэрыя, якую ўпершыню выявіў у 1882 годзе нямецкі вучоны Роберт Кох.
Трэба мець на ўвазе, што інфіцыраванне туберкулёзам не заўсёды прыводзіць да захворвання. Даныя шматлікіх даследаванняў сведчаць пра тое, што толькі каля 5-10 працэнтаў інфіцыраваных на працягу жыцця хварэюць на туберкулёз, у астатніх хвароба не развіваецца. І адну з галоўных роляў у гэтым мае стан імуннай сістэмы арганізма, які залежыць ад многіх фактараў: узросту (больш успрымальныя да туберкулёзу старыя людзі і маленькія дзеці), наяўнасці спадарожных захворванняў, паўнацэннага харчавання, умоў працы. На стан імуннай сістэмы адмоўна ўплываюць стрэсавыя сітуацыі і дэпрэсія, якія могуць садзейнічаць развіццю захворвання. Зніжаюць устойлівасць арганізма да туберкулёзнай інфекцыі шкодныя звычкі – курэнне і злоўжыванне алкаголем. Самая высокая рызыка ўзнікнення захворвання (у 30 разоў вышэйшая, чым у астатняга насельніцтва) – у ВІЧ-інфіцыраваных.
Таму аснову прафілактыкі туберкулёзу сярод насельніцтва складаюць меры, накіраваныя на павышэнне ахоўных сіл арганізма: захаванне правільнага рэжыму працы, рацыянальнае і своечасовае харчаванне, адмова ад курэння, наркотыкаў, злоўжывання спіртным, прыём полівітамінаў у вясенні перыяд, загартоўванне, заняткі фізкультурай, адным словам – захаванне здаровага ладу жыцця. Безумоўна, неабходна захоўваць правілы асабістай гігіены, рэгулярна праводзіць вільготную ўборку і праветрыванне жылых памяшканняў. Карысна часцей бываць на свежым паветры: мікабактэрыі туберкулёзу гінуць пры ўздзеянні прамога сонечнага святла.

Таццяна МАЛЯР, райфтызіятр:
– Летась у раёне працягвалася работа па выкананні мерапрыемстваў, прадугледжаных дзяржаўнай праграмай “Туберкулёз” на 2005-2009 гады. На закупку вырабаў медыцынскага прызначэння з мясцовага бюджэту было зрасходавана 4,8 мільёна рублёў.
Тым не менш, становішча з захваральнасцю на туберкулёз заставалася стабільна напружаным. У мінулым годзе адбыўся яе рост у параўнанні з 2008 з 43,5 да 57,1 прамілей на 100 тысяч насельніцтва (для параўнання: аналагічны абласны паказчык за 2009 год склаў 41,4). Летась выяўлена 18 чалавек, якім упершыню быў пастаўлены дыягназ туберкулёз органаў дыхання, сярод іх – падлетак. Выпадкі захворвання зарэгістраваны на тэрыторыі Крывошынскага, Навасёлкаўскага, Падлескага, Альхоўскага сельсаветаў, чацвёра захварэўшых – гараджане. 14 выпадкаў захворвання выяўлены падчас прафаглядаў.
За мінулы год на Ляхавіччыне ад туберкулёзу памерлі 5 чалавек. 6 нашых землякоў па рашэнні суда накіраваны на прымусовае лячэнне.
Якія сімптомы павінны вас насцярожыць? Працяглы (больш за 3 тыдні) кашаль, болі ў грудной клетцы, з’яўленне крыві ў макроце, зніжэнне масы цела пры звычайным харчаванні, страта апетыту, узмоцненае потавыдзяленне (асабліва ў начны час), агульнае недамаганне і млявасць, перыядычнае павышэнне тэмпературы цела.
Доўгі час туберкулёз можа працякаць і бессімптомна.
Майце на ўвазе: асноўным метадам выяўлення хваробы з’яўляецца флюарагра-фічнае (ці рэнтгеналагічнае) абследаванне. А для выяўлення туберкулёзу органаў дыхання іншых метадаў, акрамя флюара-графіі, не існуе.
Для ранняй дыягностыкі туберкулёзу ў дзяцей і падлеткаў ад 12 месяцаў да 16 гадоў праводзіцца туберкулінавая проба (проба Манту). Назіранне за дзецьмі і падлеткамі са станоўчай туберкулінавай пробай ажыццяўляецца на працягу года, і, калі захворванне не разаўецца, то яны здымаюцца з уліку ў туберкулёзным кабінеце. Гэта не азначае, што пагроза мінула. Інфекцыя, што застаецца ў арганізме, пры неспрыяльных умовах можа прывесці да захворвання. Таму часам узнікае неабходнасць паўторнага абследавання. Найбольш эфектыўнае лячэнне туберкулёзу – у дзіцячых санаторных установах, дзе праводзіцца поўны комплекс мерапрыемстваў для павышэння ахоўных сіл арга-нізма.
Адна з мер прафілактыкі хваробы – правядзенне вакцынацыі і рэвакцынацыі супраць туберкулёзу. Пасля вакцынацыі БЦЖ у дзіцяці развіваецца супрацьтуберкулёзны імунітэт, які абараняе ад туберкулёзнага менінгіту і папярэджвае развіццё цяжкіх формаў туберкулёзу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *