Кожная кропля мае значэнне.Марафон пад дэвізам «Донарства крыві мае значэнне!» праходзіць у навучальных установах Беларусі

На другім паверсе Ляхавіцкай паліклінікі выстраілася чарга агракаляджан. 23 навучэнцы прыйшлі сюды, каб паўдзельнічаць у вельмі важнай справе – здаць кроў.

Будучых донараў сустракаюць спецыялісты з Баранавіцкай станцыі пералівання крыві. Першае, што робяць – глядзяць пашпарт, каб праверыць узрост – непаўналетнім здаваць кроў забаронена. За сваіх падапечных перажывае медсястра Караліна Шклянік:

– У нас многія хацелі паўдзельнічаць у акцыі, але некаторыя яшчэ занадта маладыя. Вельмі прыемна, што моладзь такая неабыякавая. Сёння многія здаюць кроў упершыню, але ёсць і тыя, хто ў гэтай справе не навічкі.

Кожны патэнцыяльны донар павінен прайсці экспрэс-тэст на ўзровень гемаглабіну. Працэдура займае каля 10 мінут. Тым, у каго гемаглабін паніжаны, давядзецца адмовіцца ад удзелу ў акцыі. У адваротным выпадку пасля забору крыві можа істотна пагоршыцца самаадчуванне.

Яшчэ адна важная частка падрыхтоўкі да здачы крыві – агляд донараў тэрапеўтам. Каляджанка Ангеліна Свірская расказвае, што хацела прыняць удзел у акцыі яшчэ летась, але не прайшла па ўзросце.

– Трохі хвалююся, але ведаю, што раблю карысную справу, – гаворыць яна.

Для кожнага донара падрыхтаваны асобны стэрыльны набор.

Першымі ў кабінет заходзяць самыя смелыя і, як прызнаюцца, адны з самых вопытных донараў-каляджан студэнткі 4 курса Юлія Сафонава і Іна Логвінава. Юлія здае кроў другі раз, Іна – чацвёрты.

– Донарства для мяне, можна сказаць, сямейная справа. Мама і бабуля таксама донары, – гаворыць Іна, і дадае: – Да таго ж, у нас першая станоўчая група, якая падыходзіць усім. А значыць людзей, якім яна можа дапамагчы, вельмі шмат.

Як адзначае ўрач-тэрапеўт Баранавіцкай станцыі пералівання крыві Антаніна Бяспалава, з кожным годам колькасць бязвыплатных донараў павялічваецца. Людзі прыходзяць не па грошы, а дзеля чагосьці іншага, больш  важнага.

– Патраціўшы 10 мінут на кроваздачу, можна выратаваць не адно жыццё, пры гэтым атрымаць зарад пазітыўнай энергіі і праверыць стан уласнага здароўя. На сённяшні дзень не існуе паўнавартаснай штучнай замены донарскай крыві, таму так важныя донары, – гаворыць Антаніна Бяспалава.

Здаваць кроў ці не – выбар кожнага. Але і кожнаму з нас можа спатрэбіцца такая дапамога. І гэта той выпадак, калі кожная кропля мае значэнне.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.