На старт. Увага. Перапіс! З 4 па 30 кастрычніка ў Рэспубліцы Беларусь пройдзе перапіс насельніцтва

Яўгеній СІНІЛА. Фота Маргарыты КУХТА.

Застаюцца лічаныя дні, і краіна ўступіць у перапісную кампанію.
З 4 па 30 кастрычніка ў Рэспубліцы Беларусь прой-дзе перапіс насельніцтва. Падрыхтоўка да гэтай падзеі самая дэталёвая, у тым ліку і на Ляхавіччыне. Тут будуць працаваць чатыры стацыянарныя ўчасткі: у горадзе – у будынках кінатэатра «Кастрычнік» і СДЮШАР, у сельскай мясцовасці ўчасткі размяшчаюцца ў будынках Крывошынскага і Жарабковіцкага сельвыканкамаў.
Загадчыкі перапісных участкаў Яўгеній Сініла (на здымку 1) і Аляксандр Гатоўчыц, а таксама іх памочнікі Мікалай Стрэльнікаў і Алена Кандыба да надзвычай важнай падзеі пачалі рыхтавацца загадзя – працэс актыўнай падрыхтоўкі для іх стартаваў  17 верасня.

У мінулую пятніцу 36 перапісчыкаў сабраліся ў ляхавіцкай купалаўцы, каб дасканала разабрацца ва ўсіх нюансах перапісу насельніцтва. На асноўных момантах праграмы спецыяльнага навучання часовага перапіснога персаналу спынілася начальнік аддзела статыстыкі Ляхавіцкага раёна Вольга Вялічка. З перапісчыкамі таксама сустрэліся супрацоўнікі РАУС і прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Ляхавіцкім раёне. Яны абмеркавалі сітуацыі, у якіх магчыма і неабходна падтрымка іх службаў.
Перапісчыкі таксама атрымалі атрыбуты, па якіх можна будзе ўпэўніцца, што перад вамі менавіта перапісчык: пасведчанне, сумку з лагатыпам і планшэт. Дарэчы, пра карыстанне гаджэтам гаварылі асобна і правялі спецыяльныя майстар-класы.
Падчас перапісу будзе прапанавана адказаць на 49 пытанняў рознага характару. Гэта дазволіць атрымаць даныя пра колькасць і структуру насельніцтва ў спалучэнні з сацыяльна-эканамічнымі характарыстыкамі, яго нацыянальны і моўны склад, узровень адукацыі, пра колькасць сем’яў і хатніх гаспадарак, іх склад і жыллёвыя ўмовы.
Перапіс насельніцтва 2019 года адметны тым, што грамадзяне змогуць прайсці яго самастойна. Калі падрабязней, то з 4 па 18 кастрычніка перапісацца можна праз інтэрнэт, з 4 па 30 кастрычніка – на стацыянарных участках, з 21 па 30 кастрычніка перапісчыкі завітаюць да вас дадому.
Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.