Ляхавічы-цэнтральныя. У гэты дзень Ляхавічы былі адным прыгожым, утульным, яркім, шчаслівым цэнтрам


БОЛЬШ ФОТА ТУТ

У які куточак ні зазірні – усюды танцуюць, спяваюць, спаборнічаюць, радуюцца, весяляцца і дзеці, і дарослыя. Чаго толькі ні было ў гэту дажджлівую, але надзвычай цёплую і феерычную суботу. «Веснікаўцы» прапануюць вам, паважаныя чытачы, яшчэ раз прайсціся-праехацца-прабегчыся, няхай і позіркам, па нашых Ляхавічах-цэнтральных.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Музычны палёт

Плошча Леніна ў дзень нараджэння Ляхавіч стала самым музычным і віншавальным прыпынкам на святочным маршруце. Менавіта тут творчыя калектывы прызнаваліся ў любві сваёй малой радзіме. І гэта было, як заўсёды, творча, прыгожа, шчыра, пранікнёна. Такі настрой панаваў не толькі на сцэне, атмасферна было і ў зале пад адкрытым небам. Ляхавічане з запалам падхоплівалі вядомыя радкі з песні «Мой горад – Ляхавічы», без якой, здаецца, не абыходзіцца ні адно гарадское свята.
Віншавальныя словы гораду і яго жыхарам ад імя ўлады адрасаваў старшыня дэпутацкага корпуса раёна Леанід Калбаса.
На сцэну запрашалі і самага маленькага ляхавічаніна, дакладней ляхавічанку. Зусім нядаўна сям’я Дыдышка прымала віншаванні з нагоды нараджэння дачушкі Ганны.
А вось адзін са старэйшых гараджан 98-гадовы Іван Стыкуць на свята прыйшоў у акружэнні сваёй вялікай сям’і. Ён не проста дзядуля, і нават не толькі прадзядуля, ёсць у яго і прапраўнук.
Юбілей сумеснага жыцця сёлета адзначылі сем’і Грынь, Сакун, Міськевіч. Сярэбраным, залатым, брыльянтавым юбілярам шквал апладысментаў і пажаданні далей зберагаць цеплыню і пяшчоту, узаемапавагу і любоў… і, канешне, ісці на новыя рэкорды сямейнага жыцця.
Танец маладых падарыла ляхавіча-нам новая сям’я Ільі і Таццяны Еўтух. Іх павіншавала ганаровы госць свята начальнік аддзела аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання СК па Брэсцкай вобласці Людміла Жалнерчык.
Дэбютавалі на ляхавіцкай сцэне ўдзельнікі калектыву Fragment «Jazz Parti». І гэта было толькі пачаткам. Дзёрзка, дынамічна выступілі з паказальнай праграмай дэсантнікі, як заўсёды, цёпла ляхавічане віталі вайсковы духавы аркестр.
А яшчэ нам пашанцавала стаць пасажырамі аднаго рэйса з групай
«J:mors». Юбілейны тур «20 гадоў – палёт норм!» завітаў і на Ляхавіччыну. Падтрымлівалі, падпявалі, танцавалі, словам, злавілі хвалю «J:mors» і былі на ёй увесь вечар.
Завяршальным пяцігадзінным акордам стала танцавальна-забаў-ляльная праграма ад дыджэяў і вядучых «Радыё Брэст» і DJ Snex.

Навука  для гісторыі. У праграме святочнага дня знайшлося месца і для абмеркавання даволі сур’ёзных пытанняў

алі нашым землякам прапанаваць назваць самыя адметныя мясціны Ляхавіччыны, сярод іх абавязкова будзе Грушаўка – былая сядзіба роду Рэйтанаў. Менавіта яе мінулае і будучыня апынуліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў навуковай канферэнцыі «Гісторыя аднаго маёнтка», што прайшла ў мінулую суботу ў раённай купалаўцы.
«ЛВ» раней ужо расказваў сваім чытачам, што дзякуючы сур’ёзнай рабоце, праведзенай у нашым раёне і польскай гміне Пухачув, праект «Аднаўленне агульнай культурнай спадчыны як асновы для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва моладзі і творчых калектываў Польшчы і Беларусі» атрымаў міжнародную тэхнічную дапамогу па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва еўрапейскага інструмента суседства «Польшча – Беларусь – Украіна».
Канферэнцыя сабрала ў літаратурнай гасцёўні бібліятэкі зацікаўленую аўдыторыю: людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне да з’яўлення і рэалізацыі такога праекта, прадстаўнікоў раённай улады, дэлегацыю з польскага боку, а таксама краязнаўцаў і настаўнікаў гісторыі школ раёна.
З прывітальным словам звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса і войт гміны Пухачув Адам Гжэсюк.
Пра мэты і рэалізацыю праекта расказаў яго каардынатар Дзмітрый Макарук. Ён адзначыў, што пачатак будаўнічых работ у Грушаўцы ўжо ў бліжэйшай перспектыве і падкрэсліў: сядзібе патрэбна не толькі аднаўленне, яна павінна жыць. Пасля частковай рэстаўрацыі сядзібнага дома тут размесціцца культурна-гістарычны цэнтр, што будзе спрыяць паляпшэнню выкарыстання патэнцыялу культурнай спадчыны і развіццю трансгранічнага турызму. Дарэчы, падобны цэнтр з’явіцца і на польскай тэрыторыі.
Якімі былі грушаўская сядзіба і капліца стагоддзі назад, можна меркаваць па нешматлікіх гістарычных фотаздымках і малюнках. А вось якімі яны стануць, расказалі і нават паказалі пры дапамозе слайдаў прадстаўнікі прадпрыемства «Брэстрэстаўрацыяпраект», якія распрацоўвалі праект рэканструкцыі. Гэты цікавы экскурс у будучыню гарманічна дапоўнілі яркае знаёмства з гісторыяй нацыянальнага касцюма, прэзентацыя фотаальбома пра Грушаўку мясцовага краязнаўцы Сяргея Чарановіча, дэманстрацыя сюжэта канала АНТ пра самага знакамітага прадстаўніка роду Рэйтанаў «Тадэвуш Рэйтан: беларускі Дон Кіхот» і, канешне, падарожжа па сядзібе.

Двайны забег

У парку па вуліцы Дзесюкевіча назіраўся аншлаг. Людзей самага рознага ўзросту аб’ядноўвалі экіпіроўка ў спартыўным стылі і жаданне паўдзельнічаць у лёгкаатлетычным прабегу «Стартуем усе». Першая каманда «на старт» прагучала ў 9 з паловай гадзін. Самых маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак узростам ад 4 да 6 гадоў чакала 200-метровая дыстанцыя. Роўна, як і для самых сталых – 60-ці і больш гадовых – удзельнікаў прабегу.
Акрамя названых, на імправізаваную арэну, ролю якой выконвала вуліца Дзесюкевіча, выходзілі аматары бегу ўзростам 7-12, 13-17 і 18-59 гадоў. Удзельнікі кожнай з груп спаборнічалі на сваёй дыстанцыі працягласцю ад 500 да 1500 метраў.
На фінішы кожнага чакалі памятны медаль і апладысменты. А пераможцаў і прызёраў забегаў яшчэ і дадатковыя ўзнагароды.
Прыкладна ў тыя ж гадзіны бег «давалі» і на стадыёне «Колас». У рамках сваёй, ужо 23-й па ліку спартакіяды, на кросавых дыстанцыях спаборнічалі школьнікі раёна.

Святочны  эксклюзіў

Памостам для так званага шоу асілкаў стала перад-рыначная плошча. Праграма спартсменаў-странгмэнаў вызначалася відовішчнай дзеяй, а ў якасці спартыўных снарадаў, з якімі змагаліся і, як правіла, перамагалі асілкі, выступалі шматтонны МАЗ, шматкілаграмовыя шыны, жалезны профіль.
Ці вось, напрыклад, практыкаванне, якое многім вядома пад назвай «прагулка фермера»: патрабуецца «прагуляцца» з грузам па 120 кілаграмаў у кожнай руцэ.
Выставу рарытэтнай тэхнікі на тэрыторыі аўтацэнтра «Вікто-рыя» наведалі многія: тут аўто, трактары, старая спецыяльная тэхніка, а яшчэ гадзіннікі, тэле-, радыё- і гукааднаўленчая апаратура, мотатэхніка і іншае. І гэта, адзначыў у гутарцы гаспадар калекцыі Віктар Шчука, не складае і паловы наяўнасці запаснікаў.

Хітовы «Кастрычнік»

Ляхавіцкая моладзь на пару гадзін сабралася на звыклым ужо месцы. Каля кінатэатра «Кастрычнік» ізноў загучала музыка. На гэты раз райкам БРСМ і маладзёжны парламент пры раённым Савеце дэпутатаў запрасілі юнакоў і дзяўчат на музычную вечарынку «Хіт за хітом» на пляцоўцы «горад юнацтва».
Жадаючых прадэманстраваць свае вакальныя здольнасці было шмат. Рабяты з задавальненнем выбіралі рэпертуар і стараліся як мага крэатыўней выканаць сваю кампазіцыю. Усе «зорачкі» ў гэты дзень атрымалі смачныя падарункі. На маладзёжнай пляцоўцы віншавалі і ўзнагароджвалі актывістаў БРСМ, пераможцаў фотаконкурсу «Сэлфі з любімым горадам», а таксама сямейную пару Ганну і Эдуарда Чаранкевічаў.
На пытанне, ці не холадна, моладзь адказвала адназначна: «Нам горача!». А значыць надвор’е юнакі і дзяўчаты стварылі для сябе самі – і яно было лепшае!
Дзіцячыя песні не маглі не настройваць на мажор. І нават тыя, хто стаяў пад парасонамі, прытанцоўвалі ў такт музыцы. Так сустракаў наведвальнікаў «горад дзяцінства», цэнтральнай падзеяй якога стала творчая выстава выхаванцаў і педагогаў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Аматары мастацтва не засталіся абыякавымі да выставы ляхавіцкіх мастакоў (ладзілася ў ГДК) Эдуарда Бурвеля і Васілія Грыня.
А яшчэ кожны мог праверыць сябе на трапнасць: пастраляць у ціры ці трапіць, як гаворыцца, у яблычак, у нашым выпадку – надзіманы шар. Працавалі і іншыя атракцыёны.
Вабіла прахожых стаянка гасцей з сярэднявечча. Удзельнікі рыцарскага клуба запрашалі ляхавічан прымераць даспехі і нават паўдзельнічаць у паядынках.

Усюды свае фішкі

Наведвальнікі «горада майстроў» ад душы дзякавалі арганізатарам свята за шыкоўную, разнапланавую выставу-продаж работ рамеснікаў. Павільёны ўражвалі разнастайнасцю вырабаў з дрэва, модніц цікавілі ўпрыгожванні, для дома – абярэгі і саламяныя цуды, цацкі.
Што ні павільён, то адметны водар. У адным – мядовы пачастунак ад ляхавіцкага лясгаса, у другім – салодкая вата і кукуруза, далей – зёлкі. Расстаралася і мясцовае райпо, і прадпрымальнікі.
Супрацоўнікі купалаўкі размясцілі «горад літаратурны» ў прасторным фае на першым і другім паверхах цэнт-ральнай бібліятэкі, а таксама ў абанементным аддзеле. Гасцінна сустракалі дарослых і юных наведвальнікаў шматлікія пляцоўкі «Жывая кніга», «Блеф-клуб», «Літаратурная лавачка». Жадаючыя маглі сфатаграфавацца на фотазоне. Цікавую завочную экскурсію для школьнікаў па краязнаўчым маршруце «Ад Грушаўкі да Флер’янова» прапанавала бібліёграф Рыма Прытульчык. Як заўжды ў мерапрыемствах, прапанаваных бібліятэкай, была свая фішка. Прыём вяла, дакладней, літаратурна варажыла загадчыца аддзела Марына Нікіціна.
А ў «горадзе залатога ўзросту» спявала «Сівізна».

Матэрыялы падрыхтавалі Святлана БЕЛЬМАЧ, Сяргей ВАРАНОВІЧ,
Іван КАВАЛЕНКА, Галіна КАНЬКО, Ірына КУЗЬМІЧ, Маргарыта КУХТА.