Скарыстацца шанцам не захварэць.Пра правядзенне імунізацыі насельніцтва Ляхавіцкага раёна супраць грыпу ішла размова ў мінулы панядзелак на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама

На календары кастрычнік. А гэта значыць, што не за гарамі час уздыму сезонных захворванняў, найбольш небяспечнае з якіх –
грып. Самы час прайсці вакцынацыю і атрымаць высокі шанц не трапіць у «абдымкі» каварнай інфекцыі. Пра правядзенне імунізацыі насельніцтва раёна супраць грыпу ішла размова ў мінулы панядзелак на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Георгій Хлябовіч акцэнтаваў увагу, чаму так важна своечасова атрымаць прышчэпку. Гэта самая надзейная магчымасць супрацьстаяць грыпу, які страшны сваімі ўскладненнямі. Імунітэт пасля вакцынацыі фарміруецца на працягу 7-21 дня і трымаецца да 6-12 месяцаў. Аптымальны час для прышчэпкі – кастрычнік- лістапад. Канешне, як адзначыў Георгій Хлябовіч, гарантыю не захварэць на 100 працэнтаў не дае ніводны прэпарат. Аднак, у сярэднім, са 100 прышчэпленых 70-98 чалавек не захварэюць на грып. Калі ўсё ж віруса не ўдалося пазбегнуць, у прышчэпленага хвароба будзе працякаць у лёгкай форме і без ускладненняў.
Хварэць не толькі небяспечна, але і эканамічна нявыгадна. Так, у Ляхавіцкім раёне па прычыне захворвання вострымі рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі выдадзена з пачатку года 22 працэнты ўсіх лістоў непрацаздольнасці, а калі дадаць бальнічныя па прычыне хваробы дзяцей, то і ўвогуле атрымаецца больш за трэць. Затраты на лячэнне ВРВІ куды большыя, чым кошт дозы вакцыны.
На Ляхавіччыне сёлета плануецца прышчапіць 1993 работнікі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Многія з іх ужо заключылі папярэднія дагаворы з райбальніцай на арганізаваную імунізацыю. Брыгада медыкаў на чале з урачом агульнай практыкі можа выехаць непасрэдна на прадпрыемства і зрабіць прышчэпку, у літаральным сэнсе, на рабочым месцы. Па жаданні можна гэта зрабіць у паліклініцы, у сельскай мясцовасці – ва ўрачэбнай амбулаторыі ці на ФАПе.
Бясплатную імунізацыю пройдуць дзеці ва ўзросце ад шасці месяцаў да трох гадоў, дарослыя з хранічнымі захворваннямі, грамадзяне старэйшыя за 65 гадоў, медработнікі і іншыя.

Галіна КАНЬКО.