Дарагая наша Любімаўна!

Выхавальнік у дзіцячым садзе для малых – другая мама. Такая для нашых сыноў і дочак з групы «Непаседы» ясляў-сада №1 Людміла Казіміраўна Сяргей. Да кожнага яна цярпліва падбірае ключык і мае асаблівы падыход. Адпраўляючы сваіх малых у групу, мы спачатку хваляваліся, як яны там, што адчуваюць, ці не плачуць. Але хутка зразумелі, што дзеці ў надзейных руках.

Людміла Казіміраўна – вопытны педагог, ужо больш як тры дзесяцігоддзі выхоўвае ў маленькіх ляхавічан спагадлівасць, ветлівасць, павагу да іншых. Яна вучыць любіць сваю малую радзіму, ведаць родную мову, сябраваць, фантазіраваць, бачыць прыгожае. Дзеці малююць, пішуць, чытаюць, з радасцю паказваюць свае вырабы нам, бацькам, з інтарэсам знаёмяцца з навакольным светам, танцуюць, спяваюць. У добразычлівай атмасферы гарэзы шчыра сябруюць паміж сабой. З бацькамі выхавальнік таксама ў цесным кантакце, і што б яна ні прыдумала дзеля таго, каб нашы дзеці сталі рознабакова развітымі асобамі, мы яе падтрымліваем і дапамагаем.
Самы важны паказчык работы дашкольнай установы, па разуменні бацькоў, – тое, з якой радасцю нашы рабяты бягуць раніцай у дзіцячы сад. А там іх сустрэне Любімаўна – так пяшчотна, калі былі малымі, называлі Людмілу Казіміраўну яе выхаванцы.
А іх бацькі ад душы ўдзячны педагогу за прафесіяналізм, любоў да дзяцей.

З павагай, бацькі выхаванцаў групы «Непаседы» № 6 ясляў-сада № 1 г. Ляхавічы.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.