Брэст – горад спорту. У сустрэчы, прымеркаванай да тысячагоддзя абласнога цэнтра, удзельнічалі і прадстаўнікі Ляхавіцкага раёна

Як і прадстаўнікі асобных іншых прафесій, спарт-смены былымі не бываюць. Пацвярджэннем, у тым ліку, і гэтай пазіцыі стала мерапрыемства, якое на фінішы мінулага тыдня прайшло ў Брэсце. У канферэнц-залу абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні для ўшанавання былі запрошаны ветэраны спорту, заслужаныя трэнеры БССР і Рэспублікі Беларусь, чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў, лепшыя спартсмены Брэстчыны. Арганізатарамі ўрачыстай сустрэчы выступілі ўпраўленне па спорце і турызме аблвыканкама, Брэсцкі гарвыканкам, прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці, абласны цэнтр падтрымкі спорту. Сустрэча, прымеркаваная да тысячагоддзя абласнога цэнтра, прайшла пад дэвізам «Брэст – горад спорту».
Аб адметнасцях, падрабязнасцях той сустрэчы «Ляхавіцкаму весніку» расказаў яе ганаровы госць-удзельнік былы настаўнік фізічнай культуры і здароўя Мядзведзіцкай СШ, старшыня раён- най арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання «Ветэраны фізічнай культуры і спорту» Станіслаў Жагунь (на здымку).
– Гэта была па-сапраўднаму святочная атмасфера. А прысутнасць легендарных спартсменаў выклікала некаторае хваляванне. На сустрэчы прысутнічалі Сяргей Макаранка, Леанід Тараненка, Барыс Ісачанка, Наталля Гелах, Ганна Бацюшка, Юлія Бічык. Многія чакалі «белую маланку», але Юліі Несцярэнка не было па ўважлівай прычыне. Затое прысутнічалі два яе трэнеры – Сяргей Салямановіч і Віктар Ярашэвіч. Настаўнікі галоўнага трыумфатара Афін-2004 звярнуліся да ўдзельнікаў форуму з прамовамі. Са словамі ўдзячнасці, віншаваннямі ў адрас прысутных выступілі таксама намеснік старшыні аблвыканкама Генадзій Барысюк, начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Мікалай Глушэня, іншыя. Усе атрымалі невялікія падарункі, многія – кнігу «Горад над Бугам. Гісторыя, спорт, дасягненні». Адбыліся канцэрт, экскурсія па спартыўных і іншых нядаўна пабудаваных аб’ектах. Некалі даўно вучыўся ў Брэсце, пасля часта наведваў яго і магу параўноўваць: за апошнія гады горад істотна змяніўся, памаладзеў, стаў больш чыстым, і ў прамым сэнсе квітнеючым.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.