Перапісны ліст. У краіне ідзе перапіс насельніцтва. «Ляхавіцкі веснік» прайшоўся «па слядах» перапісчыкаў

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Падзея дзесяцігоддзя ў сваім цяперашнім фармаце з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт праходзіць упершыню. «Ляхавіцкі веснік» прайшоўся «па слядах» перапісчыкаў.

На даным этапе адказаць на 49 пытанняў перапісной анкеты можна
праз інтэрнэт, у перапісчыкаў, якія гэтым часам па графіку наведваюць прадпрыемствы, арганізацыі, установы раёна, і шляхам наведвання стацыянарнага перапіснога ўчастка. У Ляхавічах іх два: у кінатэатры «Кастрычнік» і будынку СДЮШАР раёна. Працуюць стацыянарныя ўчасткі з 9 да 21 гадзіны без выхадных.
У спартшколу раёнка завітала ў пасляабедзенны час. Перапісчыкі Вольга Новік і Мікалай Стрэльнікаў інтэрв’юіравалі рэспандэнтаў. Іх калега Ігар Шырэй першую палову перапіснога дня правёў на маршруце, у якасці прыпынку на якім значылася гасцініца «Эдэльвейс». Ігар Уладзіміравіч дазволіў заглянуць у  рабочы планшэт, якім «узброены» ўсе перапісчыкі. Ніякіх даных рэспан-дэнтаў, якія прайшлі працэдуру, у гаджэце прасачыць нельга. А вось геаграфію і падрабязную графіку замацаванага за перапісчыкам участка манітор выдае красамоўна. Вуліцы-завулкі, кожны дом, кватэры абазначаны «квадрацікам». На той момант усе яны мелі чырвоную афарбоўку.
– Гэта азначае, што іх жыльцы перапіску яшчэ не прайшлі. Калі яны не зробяць гэта праз інтэрнэт, на стацыянарным участку, у завітаўшага на прадпрыемства валанцёра, перапісчыкі не абмінуць канкрэтны адрас падчас падамавога абыходу. Нагадаем, ён стартуе 21 кастрычніка.
Мікалай Стрэльнікаў, які з’яўляецца яшчэ і памочнікам загадчыка перапіснога ўчастка, расказвае, што актыўнасць землякоў праявілася не адразу: першы чалавек з’явіўся на ўчастку праз некалькі гадзін пасля адкрыцця, а на момант гутаркі перапісную працэдуру прайшлі больш за 10 чалавек. Большасць з іх з’яўляецца работнікамі спартыўнай установы, аднак, не толькі.
– Прыйшла ляхавічанка шаноўнага ўзросту. Расказала, што не атрымалася перапісацца з дапамогай інтэрнэту. Адкладваць задуманае адказная грамадзянка не стала – з’явілася да нас на ўчастак, – расказвае Мікалай Сяргеевіч.
Справа ў тым, што ў першы дзень кампаніі перапісны сайт не вытрымаў актыўнасці перапісчыкаў. Але хутка інтэрнэт-рэсурс запрацаваў.
Якое з пытанняў анкеты выклікае ў людзей найбольшы роздум?
– Яно тычыцца толькі жанчын і гучыць так: колькі дзяцей плануеце мець? – расказвае перапісчык.
Працэдура апытання многа часу не зойме: ад пяці да дзесяці мінут. Калі чалавек прыходзіць з пашпартам ці трымае ў памяці і паведамляе ідэнтыфікацыйны нумар свайго галоўнага дакумента, каля чвэрці пытанняў «загружаюцца» ў планшэт перапісчыка аўтаматычна.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.