Свет пачынаецца з цябе. 14 кастрычніка — Дзень маці

Ляхавічанам Ігару і Анастасіі Сліва пашчасціла стаць бацькамі блізнят.  А гэта – двайная  радасць.

– Дзяніс хоча паглядзець мульцікі! – пяцігадовы Дзіма круціцца каля мамы, адстойваючы інтарэсы брата. Абодва з нецярпеннем чакаюць рашэння: маміна слова – закон. А яна ведае, што значаць для сыноў прыгоды чарапашак ці падарожжа брэменскіх музыкантаў…
Шэсць гадоў назад 31 снежня ў ляхавічан Ігара і Анастасіі Сліва нарадзіліся блізняты. Дзіма з Дзянісам сталі цэнт-рам сямейнага сусвету.
– Планавалі з мужам двух дзяцей, але каб адразу – нават і не марылі. Калі на УГД сказалі, што будзе двойня, не паверыла, думала, жартуюць. Шок хутка змяніўся радасцю, – узгадвае свае пачуцці Насця.
Быць мамай аказалася не толькі адказна, але і вельмі прыемна, тым больш, што муж і свякроў Ніна Браніславаўна, якую Насця ад душы называе мамай, усяляк дапамагаюць, стараюцца спрасціць няпростыя будні маладой маці.
Стомленасць знікала, калі ў ложку ціха пасапвалі сыночкі, калі яны шырока ўсміхаліся і цягнулі рукі. У іх адначасова атрымлівалася прачынацца, плакаць і смяяцца ў адзін голас. Гэта такое шчасце абдымаць сыночкаў і ў адказ атрымліваць салодкі пацалунак у абедзве шчакі, слухаць, як малыя шэпчуць, што вельмі любяць мамачку. Гэтыя імгненні – самыя-самыя.
Браты знешне вельмі падобныя, а па характары розныя: Дзіма больш спакойны, разважлівы, Дзяніс – непаседлівы, гарэза. А разам
ім цікава: прыдумваюць гульні, лепяць казачных герояў, канструююць фігуры з лега, малююць машыны і танкі. Кожная «карціна» прымацоўваецца магнітам на халадзільніку, а потым зай-
мае сваё месца ў маміным архіве.
Хлопчыкі могуць доўга назіраць за тым, што робіць бацька. А калі ён дастае свой чамадан з інструментамі, то няма большага шчасця, як праводзіць у ім «рэвізію». Маме яны таксама памочнікі: перамяшаюць цеста для яблычнага пірага, манніка – каб ёй было лягчэй.
Малыя засвоілі, што пасля вуліцы трэба чыста памыць рукі і пераапрануцца ў дамашняе. У іх традыцыя – вывучыць на дзень нараджэння бабулі Ніны верш і расказаць яго так, каб імянінніца зразумела, што ўнукі яе любяць вельмі моцна.
Многія імгненні сямейнай біяграфіі занатаваны ў фотакадрах, якія займаюць не толькі тэрабайты ў памяці камп’ютара, але і старонкі альбомаў. Здымкі ўпрыгожваюць сцены кватэры, стаяць у рамках – такая фотагалерэя ў мітусні жыцця не дае забыцца пра галоўныя сямейныя каштоўнасці.
У гэтай сям’і не дзеляць абавязкі, а ўсё робяць ра-зам. Раніцу рабяты прывыклі пачынаць з татавай гарбаты і маміных бутэрбродаў ці кашы. А потым шчаслівая чацвёрка адпраўляецца па традыцыйным маршруце, у якім асобным пунктам – падвезці маму на работу. Яна ж адна, а іх, мужчын, –
трое!
– Наша мама самая добрая, прыгожая і ласкавая, –
упэўнена заяўляюць Дзіма і Дзяніс, а бацька з імі поўнасцю згодны.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.