91 працэнт працуючых у сістэме адукацыі Ляхавіцкага раёна— члены прафсаюза

Кожны педагог хоць аднойчы задаваў сабе пытанне наконт мэтазгоднасці членства ў прафсаюзе. Па меркаванні старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святланы Бялецкай, матывацыя членства, па-першае, уключае ў сябе сацыяльную падтрымку педагогаў, увагу і клопат пра іх, абарону працоўных правоў і інтарэсаў. Раённая прафсаюзная арганізацыя на сённяшні дзень налічвае 37 пярвічак, якія аб’ядноўваюць 1276 членаў — больш як 91 працэнт працуючых у сістэме адукацыі.
Прафкам арганізоўвае ў калектывах экскурсіі, адпачынак, віншаванні, спартыўныя спаборніцтвы, забяспечвае матэрыяльную падтрымку, санаторна-курортнае лячэнне ці проста аб’ядноўвае людзей, робіць жыццё больш цікавым і разнастайным. Прафсаюзны актывіст нагадае пра юбілей, павіншуе з днём нараджэння, вырашыць мноства пытанняў у вольны ад работы час.
Прафсаюзны лідар — гэта камунікабельны, энергічны, крэатыўны, прынцыповы чалавек. Не апошнюю ролю адыгрывае і пачуццё ўласнай годнасці. Кожны трэці дырэктар школы ў раёне і кожны чацвёрты намеснік некалі ўзначальвалі прафсаюзны камітэт. Ад кампетэнтнасці і граматнасці прафсаюзнага лідара, умення аргументавана весці дыялог, здольнасці дапамагчы свайму калектыву справіцца з узнікаючымі цяжкасцямі складаецца імідж прафсаюза як самай масавай грамадскай арганізацыі.
Сярод лепшых пярвічак і іх лідараў Святлана Бялецкая называе арганізацыі СШ №1 (Таццяна Абражэвіч), Крывошынскай СШ (Сяргей Турчанка), Малагарадзішчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу «Дзіцячы сад — сярэдняя школа» (Вольга Пляшэвіч), Конькаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу ”Дзіцячы сад — сярэдняя школа” (Валянціна Кандратчык), Зубелевіцкай БШ (Алена Бычкоўская), ясляў-сада №3 (Людміла Мяжуева), міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната (Таццяна Петух).
Сёлета райкам прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі і аддзел адукацыі занялі 2 месца ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю сацыяльнага партнёрства.
— Сацыяльнае партнёрства звязана з дзелавым узаемадзеяннем райкама і аддзела адукацыі, выкананнем палажэнняў калектыўнага дагавора, правядзеннем сумесных навучальных семінараў, суправа-джэннем і ўзнагароджаннем маладых спецыялістаў, прафсаюзных актывістаў і г.д, — расказвае Святлана Бялецкая.
Самым галоўным вынікам дзейнасці галіновага прафсаюза з’яўляецца раённае галіновае пагадненне, на аснове якога заключаны і зарэгістраваны калектыўныя дагаворы. Гэты дакумент павышае сацыяльныя льготы і гарантыі. Пад пільнай увагай райкама прафсаюза знаходзіцца арганізацыя быту маладых спецыялістаў, аказанне дапамогі ветэранам педагагічнай працы, работа з якімі вылучаецца асобным блокам у сумеснай дзейнасці з аддзелам адукацыі райвыканкама. Праводзяцца конкурсы на лепшы калектыўны дагавор, арганізацыю работы па сацыяльным партнёрстве, па эканоміі энергарэсурсаў, на лепшы праект лагернай змены, лепшага прафсаюзнага лідара пярвічнай арганізацыі, па выніках якога старшыні прафкамаў Дараўскай СШ і гімназіі прымалі ўдзел у абласным этапе. З удзелам райкама праходзяць конкурсы прафесійнага майстэрства і «Песня застаецца з чалавекам». Пераможцы апошняга прымалі ўдзел у абласных этапах, двойчы — у заключным рэспубліканскім этапе фестывалю. Нямала ўвагі надаецца і спартыўна-аздараўленчай рабоце. Праведзена раённая галіновая спартакіяда сярод устаноў адукацыі, турыстычны злёт. Ганцавіцкі райкам запрашаў для ўдзелу ў калядным шахматным турніры. Члены прафсаюза штогод дапамагаюць гаспадаркам раёна ва ўборцы ўраджаю, удзельнічаюць у рэспубліканскай акцыі «Прафсаюзы — дзецям». Вынікі ўсіх конкурсаў, як правіла, падводзяцца на жнівеньскай нарадзе педагогаў або пленуме райкама, дзе ўручаюцца падарункі, дыпломы, кветкі.
Ці ёсць у людзей цвёрдая ўпэўненасць у тым, што прафсаюз можа сапраўды ім дапамагчы? Святлана Бялецкая адказвае без ваганняў:
— Проста давайце ўявім на момант, якіх сацыяльных гарантый пазбавіцца чалавек, калі знікне калектыўны дагавор, усе тыя нарматыўныя дакументы, у якіх прафсаюз на дзяржаўным узроўні прымаў самы непасрэдны ўдзел. Я лічу так: калі звяртаюцца ў прафесійную арганізацыю, упэўнены — яна дапаможа.
Прафкамы прымаюць рашэнне і аказваюць матэрыяльную дапамогу тым членам прафсаюза, хто мае патрэбу. А вось адмовіць у матэрыяльнай дапамозе прафкам не можа, калі ёсць падставы для выплаты. Рэгулюецца толькі памер дапамогі. Другі год запар па сумесных пастановах калегіі ўпраўлення адукацыі і абкама галіновага прафсаюза выдзяляецца дапамога шматдзетным семьям, адзінокім бацькам на падрыхтоўку дзяцей да навучальнага года, на змяншэнне кошту пуцёвак у аздараўленчы лагер.
У дзейнасці арганізацыі шмат станоўчых і радасных момантаў, падзей, аднак, ёсць і праблемы, сярод якіх — адсутнасць камп’ютарнай тэхнікі ў дашкольных установах.
Асобны пункт — жыллёвае пытанне, з якім райкам прафсаюза пастаянна звяртаецца да кіраўніцтва СВК, каб забяспечыць работнікаў устаноў адукацыі, якія працуюць на тэрыторыі гаспадарак.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *