У рэжыме мабільнасці. Сесія райсавета прааналізавала работу Жарабковіцкага сельскага Савета дэпутатаў

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Напрыканцы верасня адбылася чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў. Пасяджэнне пачалося з «ракіроўкі»: першае пытанне парадку дня – аб рабоце, якая праводзіцца Жарабковіцкім сельскім Саветам дэпутатаў сумесна з зацікаўленымі службамі па павышэнні ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва, добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі, – было вырашана разгледзець па выніках наведвання гэтай самай «зямлі».
Да таго, як адправіцца на месца, дэпутаты заслухалі і абмеркавалі прадстаўленую па шэрагу пытанняў «базу», вызначыліся з рашэннямі.
Першы з аб’ектаў на маршруце сесіі – МТФ «Зубелевічы» ДП «Нача». Гэта новабудоўля павінна кардынальна перафармаціраваць работу старой фермы. На момант наведвання будынак кароўніка выглядаў завершаным, унутры заставалася ўладкаваць хіба толькі кармавы стол, і можна ставіць жывёлу. Да 7 лістапада павінны «ўвайсці», паведаміў дырэктар гаспадаркі Мікалай Тарлюк.
На ферме прадугледжана даільная зала, разлічаная на пастаноўку 32 кароў. Каб прымусіць працаваць яе з эканамічным эфектам, зала павінна абслугоўваць каля 900 галоў жывёлы. Таму ў наступным годзе разгорнецца другі этап будаўнічых работ. Старая ферма будзе адрамантавана ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі пад магчымасць сабраць на МТФ «Зубелевічы» эканамічна абгрунтаваную колькасць кароў.
Аглядны аб’езд жарабковіцкай зямлі вызначаўся частымі прыпынкамі. Былі наведаны гандлёвыя аб’екты – райпоўскі «Родны кут» і «Зарытава», уладальнікам якога з’яўляецца ААТ «Жарабковічы», а таксама мясцовыя ФАП, дзіцячы сад і сярэдняя школа. Некалькі гадоў назад у садку зімовым часам узнікалі праблемы з падтрыманнем у памяшканнях нарматыўнай тэмпературы, таму ўдзельнікі сесіі пацікавіліся, што зараз. Як высветлілася, мінулы ацяпляльны сезон прайшоў без асаблівых нараканняў. Цяпер распрацаваны і чакае свайго ўвасаблення праект на будаўніцтва ў аграгарадку новай кацельні.
У бліжэйшую пяцігодку колькасць вучняў Жарабковіцкай СШ імя Мінкевіча захаваецца на ўзроўні 100 плюс. Усе – з ліку мясцовых. Практыка падвозу дзяцей з іншых тэрыторый для Жарабковіч не характэрна.
Перад тым, як сабрацца ў Падлескім СДК на пленарнае пасяджэнне, маршрут сесіі пралягаў праз вёскі Дамашы, Шавялі, Сваятычы з шэрагам прыпынкаў на сацыяльных, вытворчых аб’ектах. У Сваятычах, напрыклад, такім стаў будынак былой школы, у якім зараз наладжана вытворчасць пластыкавых вокнаў, дзвярэй і г.д.
Пра зробленае дзеля паляпшэння дабрабыту жыхароў сельсавета, добраўпарадкаванне, а таксама планы на перспектыву гаварыла старшыня мясцовага сельвыканкама Ніна Булатая. Яна адзначыла дапамогу ў вырашэнні тых ці іншых пытанняў і праблем з боку размешчаных на тэрыторыі сельгаспрадпрыемстваў.
Работа сельскага Савета дэпутатаў па пытанні парадку дня была прызнана здавальняючай. Тым не менш, яна патрабуе ўдасканалення, падсумаваў вынік старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса. Словам матываваў дэпутатаў і ўсе маючыя дачыненне службы на прыняцце мер па газіфікацыі аграгарадкоў Жарабковічы і Нача.
Кіраўнік раённага дэпутацкага корпуса адзначыў, што практыка выязных сесій карысная і будзе прадоўжана.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.