Ляхавіччына:раённая камісія пабывала на рэканструяваных фермах

Надышоў тэрмін, калі запланаваныя для рэканструкцыі аб’екты жывёлагадоўчага прызначэння павінны ўступіць у дзеянне. Спецыяльная раённая камісія пабывала на кожным з 11 гэтых аб’ектаў. На першы погляд, усё гладка: ужо да 1 лістапада, як і было запланавана, рэканструяваныя фермы працавалі, на некаторых адначасова завяршаліся работы. Але пры дэталёвым разглядзе спраў на кожным аб’екце выявілася, што ў многіх гаспадарках яшчэ шмат чаго патрэбна зрабіць, каб запрацаваў увесь тэхналагічны працэс, які павінен да мінімуму звесці долю ручной працы, і каб атрымліваць прадукцыю высокай якасці. Іменна гэтыя задачы і паставіў перад работнікамі сельскагаспадарчай вытворчасці Прэзідэнт краіны. Рашэнне іх рэгламентавана пастановай Саўміна «Аб рэканструкцыі і тэхнічным перааснашчэнні ў 2012 го-дзе малочнатаварных фермаў».
З размахам узяліся за рэканструкцыю памяшканняў у СВК «Шлях новы», дзе першапачаткова было прынята рашэнне давесці да ладу адзін будынак МТФ на Лотаўскім жывёлагадоўчым комплексе. У выніку ўведзены ў дзеянне 3 будынкі, 2 сянажныя траншэі, а неўзабаве разгарнулася будаўніцтва даільнай залы. Вызначаны канчатковы тэрмін, калі ўвесь гэты комплекс за-працуе поўнасцю, па новай тэхналогіі, якая да мінімуму звядзе выкарыстанне ручной працы, значна павысіць культуру вытворчасці, — 1 снежня.
Такія ж задачы пастаўлены і ў СВК «Ляхавіцкі», дзе з нуля будавалі жывёлагадоўчае памяшканне і размясцілі ў ім цэх сухастою з невялікай даільнай залай для раздою кароў. За некалькі дзясяткаў метраў — новая жывёлагадоўчая ферма, на якую і плануецца пераводзіць раздоеных кароў для аднаўлення статка.
Бачны гаспадарскі падыход да вырашэння праблемы ў СВК «Ордэна «Знак Пашаны «Кастрычнік», дзе першапачатковы праект дапоўнены даільнай залай. Жывёлу тут утрымліваюць на глыбокай падсцілцы, бяспрывязна, кармавы стол папаўняецца прыпасамі механізавана. Усе асноўныя работы па рэканструкцыі МТФ выкананы гаспадарчым спосабам, як і ў СВК «Тальмінавічы», дзе за апошнія гады, наогул, адбыліся значныя перамены ў арганізацыі вядзення жывёлагадоўлі. Сёлета МТФ у Гайнінцы пасля рэканструкцыі прыняла «насельнікаў». Але, як зазначыла камісія, на гэтых аб’ектах таксама патрэбна яшчэ папрацаваць: забетанаваць выгулы, вакол памяшканняў зрабіць адмостку, паставіць водаадлівы, добраўпарадкаваць тэрыторыю, агарадзіць двары.
Прыкладна такія ж заўвагі зроблены і ў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», дзе рэканструяваўся будынак комплексу ў Вялікім Гарадзішчы. Аднак, каб поўнасцю працаваў увесь тэхналагічны працэс, дзеля чаго планавалася рэканструкцыя, патрэбна тэрмінова аднаўляць памяшканне пад цэх сухастою. Гатовы і 2 запланаваныя пад рэканструкцыю памяшканні ў СВК «Ліпнянка», але не зроблены цэх для ўтрымання сухастойных кароў.
Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Варажун, ёсць сярод абавязковых аб’ектаў і такія, дзе затрачана шмат грашовых сродкаў, наведзены шык і бляск, але, у рэшце рэшт, усё гэта раўняецца нулю, бо прымянення новых тэхналогій там не знойдзеш днём з агнём. Прыклад — Зарытаўская МТФ СВК «Жарабковічы», дзе ўсё пафарбавана, устаноўлены новы малакаправод (старога ўзору), у бытавым памяшканні нават ёсць пральная машына для мыцця спецадзення, у малочным блоку — відэакамера, а тэхналогія вытворчасці дзедаўская.
— Гэта прыклад таго, як не трэба рабіць, — гаворыць Мікалай Варажун. — Здаецца, і рэканструкцыя праведзена, а нічога не відаць, што аблегчыла б ручную працу даярак і жывёлаводаў: каровы на прывязі, раздача кармоў не механізавана, малако будзе паступаць па доўгім малакаправодзе, што таксама не адпавядае сучасным патрабаванням якасці атрымліваемай прадукцыі.
Як зазначыла камісія, па старой тэхналогіі ўтрымліваюцца каровы ў рэканструяваным памяшканні ў ДП «Нача». Ёсць тут кармавы стол, выкладзены керамічнай пліткай, малочны блок забяспечаны новай халадзільнай устаноўкай, абшыты сайдынгам, адпавядаюць санітарным патрабаванням. Але жывёла — на ланцугах, даільнай залы няма — усё, як і было раней, толькі крыху ў абноўленым стане. Па такім жа прынцыпе рэканструявалі жывёлагадоўчае памяшканне ў ЗАТ «Белпрампрыбор», таму і працягваюць працаваць па тэхналогіі, якая даўно аджыла свой час.
СВК «Востраў-Агра» — адзіная гаспадарка, дзе яшчэ і сёння на рэканструяваную ферму каровы не пастаўлены на ўтрыманне. Будаўнічыя работы ў кароўніках завершаны, а ў малочнай зале да гэтага часу не зманціравана абсталяванне.
— Спецыяльная раённая камісія прыняла рэканструяваныя аб’екты, — зазначыў Мікалай Варажун. — Але з умовай: да 15 лістапада ліквідаваць усе недапрацоўкі. Іншыя варыянты не прымаюцца.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *