Ляховичская скорая спешит на помощь /фото/

18 гадоў працуе фельчарам на хуткай Сяргей Маневіч.

Нумары тэлефонаў экстраных службаў 101, 102, 103, 104 ведае амаль кожны і хоць аднойчы набіраў іх. Калі неабходна медыцынская дапамога, тэлефануюць 103. Карэспандэнты «ЛВ» неаднойчы «дзяжурылі» разам з медыкамі на станцыі хуткай дапамогі. Чарговы раз — на мінулым тыдні.
Аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі Ляхавіцкай ЦРБ. 10 гадзін раніцы.
— Хуткая слухае! — гучыць прыемны жаночы голас. У дзень такіх званкоў фельчар па прыёме выклікаў прымае да 40, у месяц — да 1000.
У будні працуе 2 брыгады, у выхадныя і святочныя дні — 3.
Брыгада складаецца з фельчара і вадзіцеля.
Выязныя фельчары — гэта спецыялісты-ўніверсалы. Іменна ад іх здольнасці хутка ацаніць стан хворага, неадкладна прыняць патрэбнае рашэнне часам залежыць жыццё чалавека.
Ляхавіцкая хуткая — гэта 20 супрацоўнікаў: старшы фельчар, 4 дыспетчары, 11 выязных фельчараў, 4 памочнікі.
З ліпеня старшы фельчар — Галіна Маневіч, якая больш за 15 гадоў адпрацавала на хуткай дапамозе.
У 9.28 адна брыгада выехала ў вёску Крывошын — чалавек зламаў нагу, а другая — на перавозку хворага ў Баранавічы. Пакуль не было на месцы машын, бліжэй пазнаёмілася з асаблівасцямі работы медыкаў-выратавальнікаў.
У кагосьці можа ўзнікнуць памылковае ўяўленне, што яны ўвесь час знаходзяцца «на базе». Гэта не так.
4 лістапада ў 9.51 патэлефанавалі з адной з вёсак раёна. А ў 9.55 паўторны «злы» званок з таго ж адрасу з пытаннем «дзе дзеліся?». А ў тую вёску ехаць мінут 15 трэба. Бывае і так, што ўсе машыны на выкліках, тады затрымліваецца выезд да хворага. Не па віне супрацоўнікаў.
Зразумела, што няма нічога горшага, чым чакаць і даганяць. Хворым, іх родным хочацца, каб дапамога была тут і зараз. Але ў спецыялістаў хуткай, на жаль, няма верталётаў. Машыны перавозяць хворых, ургентных дактароў (тэрмін, які выкарыстоўваецца ў медыцынскай практыцы для характарыстыкі патрабуючых неадкладнай дапамогі станаў і саміх мер неадкладнай дапамогі хвораму або пацярпеламу), выязджаюць на выклікі.
Адлік выклікаў пачынаецца з поўначы і да наступнай. У нядзелю 4 лістапада першы званок прагучаў у 00.15, другі у 1.21, а трэці ў 1.29. І так 38 разоў (з іх 5 выклікаў экстраных, 12 тэрміновых, 21 неадкладны). Плюс 19 перавозак.
10.37. Паступае тэлефонны званок з Галаўнінцаў — насавы крывацёк у жанчыны 1947 года нараджэння. Дыспетчар накіроўвае туды брыгаду, што вярталася ад пацыента, у якога дыягнаставалі пералом нагі.

Фельчар Тамара Ляшкевіч прымае чарговы выклік.

— Бывае, за 10 мінут паступае 5-6 выклікаў. Тады трэба вызначыць, куды паслаць брыгаду ў першую чаргу.Таму, калі нам тэлефануюць, просім, каб дакладна паведамілі пра стан хворага, — расказвае фельчар па прыёме выклікаў Тамара Ляшкевіч. — На гэта людзі рэагуюць па-рознаму…
Дарэчы, на хуткай вядзецца аўдыёзапіс усіх выклікаў, так што перш чым лаяцца і абражваць дыспетчара, тэлефанаваўшым неабходна падумаць, якую адказнасць за гэта можна панесці.
Галаўны боль медыкаў — безвыніковыя выклікі: пацыенту стала лепш, адмовіліся ад медыцынскай дапамогі, назвалі недакладны адрас.
— За 9 месяцаў бягучага года 7205 разоў выклікалі хуткую дапамогу. З іх экстраных выклікаў — 445, тэрміновых — 2420, неадкладных — 3751, — расказвае Галіна Маневіч. — 97 выклікаў аказаліся безвыніковымі. А ў гэты момант дапамога патрабавалася некаму іншаму, — не можа схаваць хвалявання Галіна Якаўлеўна.
Выезд хуткай каштуе бальніцы 176100 рублёў. Напэўна, каб кожны лжывы выклік насельніцтва аплачвала, была б большая адказнасць за свае дзеянні.
Часта замест таго, каб наведаць паліклініку, некаторыя пацыенты чакаюць вечара і тэлефануюць у хуткую. Канешне, прыедуць уважлівыя кваліфікаваныя спецыялісты. Выслухаюць, дадуць лекі.
— Машына ўкамплектавана электракардыёграфам для зняцця кардыяграмы; партатыўным кіслародным інгалятарам, рацыяй з павышаным радыусам прыняцця, сумкай- укладкай для аказання экстранай медыцынскай дапамогі — з медыкаментамі перабояў няма, — адзначае старшы фельчар.
Выклікаюць хуткую часцей за ўсё па прычыне павышанай тэмпературы, траўм, алергічных рэакцый. Дарэчы, у сезон сельскагаспадарчых работ хуткую дапамогу выклікаюць значна радзей.
У аддзяленне прыйшоў для праходжання інтэрнатуры Дзмітрый Кравец. Ураджэнец Івацэвічаў пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта размеркаваўся ў Ляхавіцкую ЦРБ. Са жніўня наступнага года ён будзе працаваць тэрапеўтам у Начаўскай урачэбнай амбулаторыі.
…Паступае званок з дома па завулку Цітова. Алергічная рэакцыя. У гэты час вярнуўся з перавозкі хворага фельчар Сяргей Маневіч, і мы адпраўляемся на выклік. Дарэчы, у аддзяленні з 11 фельчараў — 5 мужчын.
За час працы на хуткай зарэкамендавалі сябе кваліфікаванымі спецыялістамі фельчары Тамара Лябедзіч, Валянціна Касцюкевіч, Наталля Піскун, Сяргей Данільчык, Марына Пацко, Таццяна Зубік, Сяргей Маневіч, Аляксандр Чайкоўскі, старшы фельчар Галіна Маневіч, дыспетчары Ала Буйда, Тамара Ляшкевіч.

Асаблівасці працы на хуткай тлумачыць старшы фельчар Галіна Маневіч інтэрну Дзмітрыю Краўцу.

…Пад’язджаем да дома пацыенткі. Адчынена. Хуткую чакаюць.
— Дрэнна сябе адчуваю. Гарыць твар, кружыцца галава. Хоць і недалёка ад бальніцы, а зайсці не магу, — скардзіцца гаспадыня.
Фельчар уважліва выслухаў жанчыну, памераў ціск, задаў хворай пытанні. Зрабіў укол. Параіў наведаць доктара.
Медык тэлефануе дыспетчару, які дае каманду ехаць у Востраў для перавозкі хворага ў бальніцу на планавае лячэнне.
На гэтым удзел карэспандэнта газеты ў дзяжурстве завершаны, а хуткая зноў спяшаецца. Яна гатова дапамагчы заўсёды, нягледзячы на надвор’е ці святочныя дні.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *