Перапіс у законе. Падчас важных дзяржаўных кампаній у рэжыме павышанай гатоўнасці нясуць службу і супрацоўнікі міліцыі

Старшы інспектар прафілактыкі ААПП РАУС Алена Васілевіч,
загадчык перапісных участкаў Яўгеній Сініла.

Наша галоўная задача – забяспечыць грамадскую бяспеку і правапарадак, у тым ліку, папярэдзіць і спыніць у выпадку ўзнікнення дзейнасці рознага кшталту махляроў, зламыснікаў, якія пад выглядам работнікаў камунальных, сацыяльных
службаў, перапісчыкаў, членаў выбарчых камісій могуць трапіць у дамы і кватэры грамадзян. Ахвярамі махляроў становяцца людзі любога ўзросту і сацыяльнага статуса, але часцей за іншых – адзінокапражываючыя пенсіянеры.

Зараз праходзіць перапіс насельніцтва. У сувязі з гэтым нялішнім будзе нагадаць элементарныя правілы бяспекі, якія дапамогуць пазбегнуць непрыемнасцей, захаваць здароўе і маёмасць.
Па месцы жыхарства грамадзян перапісчыкі пойдуць з 21 кастрычніка. Работнікі, якія задзейнічаны ў працэдуры перапісу, павінны мець пры сабе пасведчанне перапісчыка. Яно сапраўднае толькі пры прад’яўленні пашпарта. Калі ёсць сумненні, можна патэлефанаваць у кол-цэнтр перапісу па адзіным нумары 8-801-100-31-31 (званок бясплатны з любога тэлефона) ці ў органы статыстыкі. Абавязковыя атрыбуты перапісчыка – планшэт і сумка са спецыяльным лагатыпам. Ні ў якім разе не давайце інфармацыю пра сябе па тэлефоне, Белстат перапіс па тэлефоне не праводзіць.
Дарэчы, падчас перапісу не патрабуецца перадача рэквізітаў банкаўскіх картак (наогул, гэту інфармацыю нельга перадаваць нікому). Чалавек указвае толькі ўласны асабісты нумар пашпарта і не больш таго.
Нялішнімі будуць і наступныя, агульныя для ўсіх, парады. Ні ў якім разе не ўпускайце ў сваё жыллё незнаёмых людзей. Калі ў вас папросяць ручку, аркуш паперы для запісу, стакан вады ці іншае, зайдзіце ў кватэру, зачыніце дзверы на замок, вазьміце, што вам неабходна і вярніцеся да наведвальнікаў.
Не давайце свае дакументы незнаёмым людзям, не купляйце рэчы невядомай якасці ў прадаўцоў, што ходзяць па дамах.
З 21 па 30 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі разам
з перапісчыкамі будуць хадзіць па так званых неўладкаваных адрасах, дзе пражываюць грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, злоўжываюць алкаголем.
Папярэдне супрацоўнікі РАУС абследавалі тэхнічную ўмацаванасць усіх стацыянарных перапісных участкаў у Ляхавічах і раёне. Парушэнняў не выяўлена.

Андрэй СТУДЗЯНІЧНІК,
начальнік РАУС.