Права даступнае для ўсіх

Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ядром створанай у нашай краіне сістэмы збору, уліку, апрацоўкі, сістэматызацыі і распаўсюджвання прававой інфармацыі. Менавіта гэта арганізацыя вядзе работу па забеспячэнні доступу шырокага кола асоб да заканадаўства з дапамогай дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў.
Гэта Нацыянальны пра-вавы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (pravo.by), інфармацыйна-пошукавыя сістэмы «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE» (etalonline.by), Прававы форум Беларусі (forum.pravo.by), Дзіцячы прававы сайт (mir.pravo.by). НЦПІ праводзіць работу па ўказаных напрамках на рэспубліканскім і міжнародным узроўні. Філіялы НЦПІ – рэгіянальныя цэнтры прававой інфармацыі з’яўляюцца праваднікамі дзяржаўнай палітыкі ў галіне прававой інфарматызацыі на месцах. РЦПІ былі створаны ў горадзе Мінск і абласных цэнтрах краіны ў 1999 годзе і сёлета ў кастрычніку адзначаюць юбілейны дваццаты дзень нараджэння.
На працягу двух дзесяцігоддзяў РЦПІ Брэсцкай вобласці арганізуе распаўсюджванне прававой інфармацыі на тэрыторыі брэстчыны, забяспечваючы рэалізацыю права на атрыманне актуальнай і праўдзівай прававой інфармацыі юрыдычных і фізічных асоб. За гэтыя гады дасягнута многае: усе органы мясцовага кіравання, дзяржаўныя арганізацыі, а таксама большасць іншых арганізацый і суб’ектаў гаспадарання забяспечаны доступам да афіцыйнай прававой інфармацыі праз «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE»; на базе кожнай шостай бібліятэкі Брэсцкай вобласці створаны і дзейнічаюць публічныя цэнтры прававой інфармацыі; афіцыйныя друкаваныя выданні кодэксаў і зборнікаў прававых актаў, якія выпускаюцца НЦПІ, прадстаўлены на паліцах усіх кніжных магазінаў рэгіёна.
Уся дзейнасць НЦПІ і яго філіялаў накіравана на тое, каб любы зацікаўлены мог атрымаць прававую інфармацыю ў зручным месцы ў зручны час.
Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.