Халады без бяды. 10 кастрычніка ў Ляхавічах гарэў жылы двухкватэрны дом па завулку Новым

Два пажары адбыліся ў Ляхавіцкім раёне на мінулым тыдні. 10 кастрычніка ў райцэнтры гарэў жылы двухкватэрны дом па завулку Новым. У адной з кватэр агонь пашкодзіў дах, сцены, перакрыцці і маёмасць. Людзі не пацярпелі. Як паведамілі ў РАНС, адна з версій узнікнення пажару – кароткае замыканне электраправодкі і парушэнне правілаў эксплуатацыі электрапрыбораў.
11 кастрычніка сігнал аб дапамозе паступіў з садаводчага таварыства «Шчара», дзе ўспыхнула гаспадарчая пабудова. Агнём часткова знішчаны дах, пашкоджаны сцены і маёмасць. Прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прылад.
Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях нагадваюць: каб пазбегнуць пажару, трэба ўтрымліваць ацяпляльнае абсталяванне ў парадку і эксплуатаваць з улікам правілаў пажарнай бяспекі.
Ірына КУЗЬМІЧ.