Рэгіянальная «лічба»: што маем і да чаго імкнёмся. Сёння і заўтра рэгіянальнай журналістыкі абмеркавалі на семінары ў Івацэвічах

У мінулы чацвер газетчыкі, радыйшчыкі і тэлевізіёншчыкі абмеркавалі надзённыя пытанні журналістыкі падчас семінара для дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі Брэсцкай вобласці «Рэгіянальныя СМІ ў эпоху лічбавізацыі: фарматы і канкурэнтаздольнасць на медыярынку». На гэты раз цэнтрам, куды з’ехаліся намеснікі старшынь гаррайвыканкамаў, кіраўнікі рэгіянальных СМІ, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, сталі Івацэвічы.

Арганізатары семінара – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Брэсцкі аблвыканкам, Івацэвіцкі райвыканкам – запрасілі да ўдзелу ў сустрэчы сапраўдных профі ў сучаснай медыяпрасторы. Яны прапанавалі свае погляды на вырашэнне многіх пытанняў і праблем, з якімі сутыкаюцца раёншчыкі.
У рэгіянальных СМІ ёсць патэнцыял «засвяціцца» ў большых маштабах: на тое працуюць унікальнасць інфармацыі, непаўторнасць жыцця глыбінкі, творчыя здольнасці журналістаў, неардынарны падыход да асвятлення тэм.
Цяпер жа стаіць задача здзівіць і захапіць не толькі чытачоў, якія атрымліваюць прэсу традыцыйным спосабам (па пошце ці ў розніцу), але пашырыць сваю чытацкую аўдыторыю ў інтэрнэце. І гэта не толькі сайт, які выглядае мадэрнова і адпавядае запытам карыстальнікаў, але і самая актыўна-насычаная работа ў сацыяльных сетках. Мала інфармаваць сваю аўдыторыю толькі, напрыклад, у ВКонтакте, трэба рабіць гэта якасна і аператыўна ў Instagram, Аднакласніках, Фэйсбуку. А яшчэ мець відэаканал на YouTube і нагадваць сваім падпісчыкам пра мясцовыя падзеі праз мэсэнджары – вайбер і тэлеграм. Адным словам, «лічба» ў рэгіянальным маштабе. І гэта не проста ўкід інфармацыі ці маналог СМІ, а змястоўны дыялог са сваім анлайн-чытачом. Каментарыі, лайкі, рэпосты, прагляды – гэта абавязковая рэакцыя карыстальнікаў, зваротная сувязь, якая пацвярджае запатрабаванасць такога дыялогу.
Адкрыў і даў старт рабоце семінара міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, які адзначыў, што сустрэча пройдзе ў практыка-арыентаваным фармаце. Так, першая частка семінара стала дыскусійнай пляцоўкай «Новыя медыяформы і тэхналогіі на службе дзяржаўных інтарэсаў».
Як арганізаваць работу рэдакцыі СМІ на інтэрнэт-пляцоўцы, што рабіць газеце ў эпоху інтэрнэту і мультымедыя, як ператварыць інтэрнэт-рэсурс у эфектыўны інструмент фарміравання грамадскай думкі, як друкаванаму выданню выглядаць якасна і сучасна на паперы, расказалі-прадэманстравалі-пракансультавалі эксперты ў сферы камунікацый, якія шмат гадоў працуюць у журна-лістыцы, выкладаюць на факультэце журналістыкі БДУ.
Другая частка семінара прайшла ў фармаце пленарнага пасяджэння. На Брэстчыне зарэгістравана 19 дзяржаўных друкаваных СМІ, сярод іх 15 – раённыя. Як сёння «адчуваюць» сябе раёнкі на медыяпрасторы, з якімі складанасцямі сутыкаюцца рэдакцыі, на якія моманты трэба звярнуць увагу і скіраваць работу, патэнцыял творчых калектываў – пра гэта і многае іншае гаварылі прадстаўнікі кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі, дзяржаўных рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, факультэта журналістыкі БДУ.
З зацікаўленасцю ўдзельнікі семінара разглядвалі рэгіянальныя выданні, экс-пазіцыя якіх размясцілася ў фае райвыканкама. Сваю гісторыю і сённяшні дзень прадэманстраваў «Івацэвіцкі веснік», які ў верасні адзначыў 80-гадовы юбілей.
А для дзвюх раёнак вобласці гэта сустрэча запомніцца яшчэ адным прыемным момантам. Сярод узнагароджаных у рэспубліканскім твор- чым конкурсе «Пад знакам Года малой радзімы» – «Лунінецкія навіны» і «Ляхавіцкі веснік».

Маргарыта КУХТА.