Курэнне — не бясшкодны занятак, гэта сапраўдная залежнасць, ад якой цяжка пазбавіцца.

Пра шкоду курэння сказана шмат, напісана мноства кніг, рэклама тытунёвай прадукцыі абавязкова ўтрымлівае папярэджанне пра магчымыя сур’ёзныя наступствы, але курыльшчыкаў менш не становіцца. Па якіх прычынах людзі добраахвотна атручваюць сябе? Нехта скажа, што цыгарэта заспакойвае, нехта спашлецца на прывычку, нехта курыць «за кампанію».
Курэнне — не бясшкодны занятак, гэта сапраўдная залежнасць, ад якой цяжка пазбавіцца.
Нікацін — адзін з самых небяспечных ядаў расліннага паходжання, смяротная доза для чалавека — ад 50 да 100 мг. Іменна столькі паступае штодзень у кроў пасля выкурвання 20-25 цыгарэт (у адной цыгарэце ўтрымліваецца прыкладна 6-8 мг нікаціну, з якіх 3-4 мг трапляюць у кроў). Курыльшчык адразу не памірае толькі таму, што доза ўводзіцца паступова. Да таго ж, частку нікаціну нейтралізуе фармальдэгід — другі яд, які ўтрымліваецца ў тытуні. У выхлапных газах аўтамабіля каля тысячы шкодных злучэнняў і хімічных рэчываў, што ў 4 разы менш за колькасць шкодных рэчываў у адной цыгарэце. Мінута курэння роўная 4 мінутам «інгаляцый» праз выхлапную трубу.
Курэнне падлеткаў у першую чаргу адбіваецца на нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэмах: у 12-15 гадоў яны ўжо скардзяцца на задышку пры фізічнай нагрузцы. Сяброўства з цыгарэтай адмоўна ўплывае на вучобу, замаруджвае фізічнае і псіхічнае развіццё.
Школьная пара — гэта гады фізічнага і разумовага росту. Арганізму патрабуецца шмат сіл, каб справіцца з усімі нагрузкамі. Як вядома, навыкі, прывычкі, што замацаваліся са школьнага ўзросту, самыя трывалыя. Гэта адносіцца не толькі да карысных, але і да шкодных прывычак. Чым раней юнакі і дзяўчаты пачынаюць курыць, тым хутчэй прывыкаюць да гэтага, і ў далейшым адмовіцца ад курэння будзе вельмі складана.
Як вызначыць, ці курыць ваша дзіця?
Па колеры зубоў. Звычайна зубы набываюць жоўты колер.
Па непрыемным паху з рота (часта падлеткі імкнуцца замаскіраваць яго пастаянным жаваннем жуйкі).
Па паху тытуню ад адзення.
Па колеры пальцаў (два пальцы, якімі трымаюць цыгарэту, маюць больш цёмны (жаўтаваты) колер).
Па колеры твару. Твар бледнаваты, часам зямлісты.
Голас грубее, з’яўляецца частае пакашліванне (асабліва раніцай).
Падлетак становіцца пасіўным, мляўкім.
Каб засцерагчы дзіця ад курэння — не курыце самі! З ранняга ўзросту тлумачце, якая шкода ад тытуню і цыгарэты, падтрымлівайце ў сваёй сям’і здаровы лад жыцця, займайцеся сумесна спортам, наведвайце спартыўныя секцыі і гурткі.
Актыўная барацьба з курэннем вядзецца ва ўсім свеце. У 2005 годзе забаранілі курыць у грамадскіх месцах у Швецыі. Такая забарона існуе ў Ірландыі, Фінляндыі, Турцыі. А ў Італіі, напрыклад, штраф за курэнне ў кінатэатры, офісе, школе, на аўтобусных прыпынках складае ад 25 да 250 еўра, у Нідэрландах — ад 300 да 2400 еўра. Вельмі жорсткія меры прыняты ў Нарвегіі: тут забаронена курыць ўсюды, акрамя свайго дома і машыны.
У нашай краіне заканадаўствам забаронена курыць (за выключэннем месцаў, прызначаных для гэтай мэты) ва ўстановах аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, на аб’ектах гандлю і бытавога абслугоўвання; у памяшканнях органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў; на вакзалах, у аэрапортах, падземных пераходах, на станцыях метрапалітэна; у грамадскім транспарце, вагонах цягнікоў, на суднах, самалётах (за выключэннем цягнікоў дальняга следавання, суднаў і самалётаў, дзе прадугледжаны месцы для курэння).
Пры парушэнні забароны штраф складае ад 0,1 да 0,5 базавай велічыні. Ад 10 да 30 базавых велічынь можа атрымаць аматар пакурыць у падсобных памяшканнях кватэры, дзе пражываюць некалькі наймальнікаў або ўласнікаў, а таксама ў дапаможных памяшканнях жылых дамоў — пад’ездах, падвалах, гарышчах.
Страшны напамін: ад наступстваў курэння і ўжывання алкаголю штогод паміраюць больш за 3 мільёны жыхароў планеты.
Алена МІКУЛІЧ,
сацыёлаг райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *