Ёсць такая прафесія – прыёмная мама

Як гэта цудоўна, калі ёсць мама. Больш блізкага і роднага чалавека не існуе. Але ёсць мамы асаблівыя – прыёмныя, яны дораць  цеплыню, любоў і клопат дзецям-сіротам.

У нашым сацыяльна-педагагічным цэнтры ганарацца прыёмнымі бацькамі, радуюцца іх поспехам у выхаванні хлопчыкаў і дзяўчынак.

У Ляхавіцкім раёне першая прыёмная сям’я створана ў 2002 годзе. А праз два гады адкрылі і першы дом сямейнага тыпу. У 2010 годзе ў межах выканання прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі» пачалі адлік сваёй біяграфіі яшчэ два такія дамы. Цяпер у раёне 16 прыёмных сем’яў і два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, у іх выхоўваецца 39 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі.
Прафесійнае бацькоўства патрабуе адпаведнага суправаджэння. Спецыялісты нашага цэнтра аказваюць метадычную падтрымку прыёмным сем’ям і праводзяць з імі разнастайную псіхолага- асветніцкую работу.
Добрай традыцыяй сталі віншаванні з Днём маці. Сёлета 14 кастрычніка ў вялікае праваслаўнае свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы мы сабраліся разам, каб выказаць словы ўдзячнасці за такую важную работу, успомніць прыемныя моманты, даведацца пра планы на будучае. Сумесна з раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» для прыёмных бацькоў была арганізавана экскурсія ў Святадухаўскую царкву ў Падлессі. Настаяцель храма іерэй Канстанцін Шалудзько правёў экскурсію, расказаў пра гісторыю храма. Айцец Канстанцін адзначыў, што выхаванне сірот з’яўляецца богаўгоднай справай і патрабуе ад бацькоў асаблівай адказнасці. Ён падарыў прыёмным бацькам іконы з вобразам Прасвятой Багародзіцы.
Потым прыёмных бацькоў запрасілі на чаяпіцце ў сацыяльна-педагагічны цэнтр, каб падзяліцца добрым настроем і яшчэ раз павіншаваць са святам.

Таццяна ГАЎДЗІС, педагог-псіхолаг СПЦ.