Вялікая сям’я службе не перашкода. У Таццяны Станкевіч не зусім жаночая прафесія, але яна паспяхова сумяшчае службу ў арміі з выхаваннем траіх дзяцей

У Таццяны Станкевіч не зусім жаночая прафесія, але яна паспяхова сумяшчае службу ў арміі з выхаваннем траіх дзяцей

Сёння Таццяна Эдуардаўна – начальнік апаратнай тэлефонна-тэлеграфнага цэнтра. А пачыналася яе ваенная кар’ера амаль 15 гадоў назад. У лёсе выпускніцы юрыдычнага факультэта тады адбыўся нечаканы паварот – яна апранула ваенную форму і стала асвойваць абавязкі механіка-тэлефаніста, за некалькі гадоў ад радавога «дарасла» да прапаршчыка. Камандаванне і саслужыўцы цэняць яе як выдатнага спецыяліста.
Але служба – гэта толькі частка жыцця. Калі вяртаецца з чарговага сутачнага дзяжурства, яе сустракае любімая сям’я – трое дзяцей і муж. Увесь свой вольны час мнагадзетная мама стараецца правесці з дванаццацігадовай Міланай, чатырохгадовай Сафіяй і двухгадовым Іванам. Таццяна імкнецца падтрымліваць інтарэсы дзяцей і развіваць здольнасці. Мама, канешне, пакуль яшчэ не ведае, кім яны стануць у будучым, але чаму б не памарыць?
– Здаецца, што Мілана можа стаць прафесійным перакладчыкам. Яна выдатніца, вельмі здольная да вывучэння моў, марыць пабачыць увесь свет. Сафія таксама разумніца, але вельмі сціплая. Магчыма, у яе атрымаецца пабудаваць кар’еру ў медыцыне. А вось Ванечка нават у такім узросце паказвае бойкі характар. Не выключана, што пойдзе па слядах мамы і дзеда, які служыў у міліцыі.
Таццяна пераканана, сучасных рабят неабходна бесперапынна захапляць, развіваць самастойнасць, ініцыятыўнасць, падтрымліваць іх імкненні.
Для таго, каб забяспечыць усім членам сям’і камфортныя ўмовы, трэба шмат працаваць. А кантрактная служба для Таццяны і яе калег – не толькі любімая, а яшчэ і высокааплатная работа. У сям’і Станкевічаў дарослыя ўпэўнены ў заўтрашнім дні, дзеці акружаны клопатам і любоўю. І дакладна ведаюць, што іх мама – лепшая ў свеце.

Ад імя калектыву в/ч 29969  Уладзіслаў СУЛАЎКА, радавы.