Экадэсант высадзіўся каля Ведзьмы. 5 кастрычніка экадэсант ЛДАКа далучыўся да рэспубліканскага экалагічнага мерапрыемства па ўборцы смецця «Мы клапоцімся».

Навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа ў добрых справах заўважаны неаднойчы: рабяты здаюць кроў на бязвыплатнай аснове, выходзяць на сумесныя акцыі з райаддзелам па надзвычайных сітуацыях, прапагандуюць здаровы лад жыцця. На гэты раз каляджане зрабілі наш горад чысцейшым. 

5 кастрычніка экадэсант ЛДАКа далучыўся да рэс-публіканскага экалагічнага мерапрыемства па ўборцы смецця «Мы клапоцімся».

Аб’ектам для прыкладання намаганняў выбралі ўзбярэжжа ракі Ведзьма ў Ляхавічах – месца папулярнае ў гараджан, таму, на жаль, не заўсёды чыстае. Паклапаціцца пра парадак на берагах ракі выйшлі 55 чалавек.

– Адразу планавалі, што будуць працаваць 10 атрадаў па пяць чалавек. Але далучылася яшчэ адна пяцёрка, – гаворыць выкладчык беларускай мовы і літаратуры каледжа Святлана Жучэня.

За некалькі гадзін лдакаўцы сабралі больш за 107 кілаграмаў смецця, у тым ліку 35 кілаграмаў пластыку і плёнкі, 43 кілаграмы шкла. Усё будзе здадзена на другасную перапрацоўку.

Пасля рэспубліканскага экамерапрыемства ў краіне стала значна чысцей: добра-ахвотнікі сабралі каля трох тон смецця.

– Рада, што ў нашым каледжы вучацца такія неабыя-кавыя хлопцы і дзяўчаты. Спадзяюся, што з такім жа энтузіязмам і далей будзем прымаць удзел у падобных акцыях, – гаворыць дырэктар аграрнага каледжа Алена Абарава.

Арганізатарам мерапрыемства выступіла Мініс-тэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, партнёрам выступіла УП «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусія».

Больш фота ТУТ.

Ірына МАКАВЕЦКАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.