Вы яшчэ не перапісаліся? Тады мы ідзём да вас! Па стане на 18 кастрычніка, у Ляхавіцкім раёне перапіс прайшлі больш за 56 працэнтаў землякоў

Перапісчыкі Галіна Карповіч і Міхаіл Карповіч

Літаральна два дні – і перапісчыкі адправяцца па адрасах рэспандэнтаў. Памятайце, што ў перапісчыкаў павінна быць адпаведнае  пасведчанне, спецыяльная сумка з
лагатыпам перапісу і флікерам, планшэтны камп’ютар для правядзення апытання.
Дарэчы, перапісацца самастойна праз інтэрнэт ужо не атрымаецца, гэта можна было зрабіць толькі да 18 кастрычніка. А вось іншымі спосабамі – на ўчастках і ў мабільных груп – калі ласка.

Ляхавіцкі аддзел статыстыкі гэтымі днямі можна ў нейкім сэнсе параўнаць са штабам. На карце-схеме абазначаны перапісныя пункты і іх адрасы, кантакты перапісчыкаў і назвы арганізацый, прадпрыемстваў, дзе пабывалі мабільныя групы. У гэтым спісе, напрыклад, ферма «Падбарочча», Рачканскі ФАП, дзіцячыя сады і школы, СДЮШАР і многія іншыя. Начальнік аддзела статыстыкі Вольга Вялічка падкрэслівае, што ўдзел у важнай дзяржаўнай кампаніі актыўна прымаюць і гараджане, і вяскоўцы.

Адзін са стацыянарных перапісных участкаў размешчаны ў Крывошынскім сельвыканкаме па вуліцы Здановіча. Яго загадчык Аляксандр Гатоўчыц расказвае, што працуюць яны па вызначаным графіку: з 7 па 30 кастрычніка – з 9 да 19 гадзін. Пад увагай перапісчыкаў вёскі і аграгарадкі:
– З аўталаўкай выязджалі ў Бенькаўцы, Стральцы, Каўпакі, Залужжа і іншыя населеныя пункты. Да пытанняў анкеты людзі ставяцца адказна, з разуменнем.
Як ідзе перапісная кампанія ў сельскіх населеных пунктах раёна, «ЛВ» пацікавіўся ў землякоў.

Людміла ЧАРНЯЎСКАЯ, перапісчык:
– З Кацярынай Пстыга мы калегі не толькі на час перапі- су – працуем разам у Конькаўскай школе. За дзень наша мабільная група, якую суправаджае старшыня сельвыканкама Дзмітрый Багушэвіч, перапісвае ад 15 да 30 чалавек. На нашым маршруце – фермы і мехмайстэрні ААТ «Шлях новы», магазіны і пошта, установы адукацыі, аховы здароўя і г.д.
Ніна БУЛАТАЯ, старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама:
– Перапісны стацыянарны ўчастак знаходзіцца ў памяшканні сельвыканкама, таму не выпадкова, што нашы работнікі адказалі на пытанні анкеты аднымі з першых. Штодзень сюды прыходзяць землякі. Мабільная група выязджае ў калектывы яшчэ да пачатку працоўнага дня. Усё ідзе ў спакойна-дзелавым рэжыме. Насельніцтва ведае, дзе можна перапісацца, да каго звярнуцца з пытаннямі. Перапісныя плакаты размясцілі на інфармацыйных дошках на тэрыторыі сельсавета, у гандлёвых кропках, адміністрацыйных будынках.

Соф’я ТАРАНДА, жыхарка аграгарадка Жарабковічы:
– Шмат дзесяцігоддзяў адпрацавалі з мужам на жывёлагадоўчым комплексе. Добра ведаю, каб быў вынік, літаральна кожны крок трэба планаваць. Так і з перапісам. Гэта ж дзеля справы робіцца, таму перапісаліся ў першыя дні. Пытанняў шмат, але ўсе зразумелыя. Ды і перапісчыкі дапамагаюць.
Вольга САВАНЧУК, жыхарка вёскі Падлаззе:
– Скарысталіся магчымасцю прайсці перапіс праз інтэрнэт. Вельмі зручна, што можна паўдзельнічаць у важнай справе, не пакідаючы дому. Адказвалі на пытанні анкеты ўсёй сваёй вялікай сям’ёй. Дзецям былі асабліва цікавыя пытанні, што датычылі прысядзібнага ўчастка. Яны з задавальненнем палічылі ўсе нашы дрэвы, кусты парэчак і іншае.

Васілій ГРУША, жыхар вёскі Крывошын:
– Перапісаўся на стацыянарным участку разам з жонкай. Пытанні анкеты складзены па сутнасці, нічога лішняга. Планаванне ў разрэзе гаспадаркі, прадпрыемства і г.д – гэта эканоміка жыцця. Улік патрэбен, каб ведаць, якім курсам крочыць і як развівацца. Давялося быць перапісчыкам падчас папярэдняй перапісной кампаніі. Тады пытанняў было менш і многія з іх зараз страцілі сваю актуальнасць. Напрыклад, пра карыстанне інтэрнэтам. Тады ў Крывошынскім сельсавеце мелі доступ у сусветную павуціну каля двух дзясяткаў чалавек. Сёння ж нават не мабільныя тэлефоны, а смартфоны, планшэты. Усе з інтэрнэтам.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Па стане на 18 кастрычніка, у нашым раёне перапіс прайшлі больш за 56 працэнтаў землякоў. Усяго па краіне перапісаліся 4460 тысяч чалавек.