За ведамі і практыкай. Урач-хірург Ляхавіцкай райбальніцы ўдасканальвае веды ў філіяле Гродзенскага медуніверсітэта, які адкрыўся на базе Брэсцкай абласной бальніцы

Днямі на базе Брэсцкай абласной бальніцы адкрыўся філіял кафедры агульнай хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Адным з васьмі навабранцаў першай групы стаў і ўрач-хірург Ляхавіцкай райбальніцы Аляксандр Шабановіч. Ён разам з калегамі-слухачамі з Брэста і Баранавічаў на працягу двух тыдняў будзе ўдасканальвацца ў медыцынскай прафесіі, у прыватнасці вывучаць гнойныя захворванні шыі, грудной клеткі, лёгкіх. У праграме – тэарэтычныя заняткі, лекцыі і абавязкова пяць-шэсць гадзін практыкі штодня, у тым ліку – у аперацыйным блоку абласной бальніцы.
– Гэта своеасаблівыя курсы павышэння кваліфікацыі. З практыкуючымі хірургамі, сярод якіх і наш Аляксандр Шабановіч, дзеляцца вопытам і ведамі дактары і кандыдаты медыцынскіх навук. Выдатная практыка, лепш не прыдумаеш, – расказвае галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч.
З задавальненнем будзем выкарыстоўваць магчымасць адправіць на такую вучобу і іншых урачоў хірургічнага профілю з нашай райбальніцы.
Галіна КАНЬКО.