Стыль Куркача. Два дні назад Андрэй Куркач адзначыў 80-гадовы юбілей

Два дні назад Андрэй Куркач адзначыў 80-гадовы юбілей. Андрэй Барысавіч равеснік Брэстчыны, яго жыццё непарыўна звязана  з жыццём вобласці. Спартыўным, у першую чаргу, але не толькі

На сустрэчу ён прыйшоў, як на абарону дыпломнай працы ў тэхнічнай ВНУ. У руках – скрутак ватману і пластыкавы пакет з «тлумачальнай запіскай». У аснове апошняй – чорна-белыя, як правіла, фотаздымкі, пажаўцелыя ад часу газетныя выразкі, граматы-дыпломы-пасведчанні – гісторыя ў фактах і асобах. Яшчэ кніжкі «Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь» і «Лёс спартыўны», у кожнай з якіх знойдзеце імя нашага сённяшняга госця.

– Перапынак быў. З 1958 па 1961 год служыў тэрміновую ў арміі. Дакладней – у пагранічных войсках у Прыбалтыцы. Вольнага ад службы часу было няшмат, але гадзіну-другую для спорту знаходзіў. Спартыўныя заняткі віталіся камандаваннем, стаялі ў раскладзе дня. Маім відам з’яўляўся бег, найбольш падабаліся стаерскія дыстанцыі – 3, 5, 10 тысяч метраў. Да сённяшняга дня прыемным успамінам застаецца спаборніцтва ў Маскве на першынство Узброеных Сіл. У цягніку, памятаю, прастудзіўся, але выступіў нядрэнна. Бег 3 тысячы метраў з перашкодамі і 5 – «гладкім» бегам. Прызам стала, у тым ліку, і датэрміновае звальненне са службы, – узгадвае  Андрэй Барысавіч.
…Ішоў 1961-ы.На Ляхавіччыну ўраджэнец Іванаўскага раёна прыехаў праз 6 гадоў. Кар’ера настаўніка фізкультуры ў СШ № 2 закончылася даволі хутка. Каб прадоўжыцца на новым, больш высокім вітку фізкультурна-спартыўнай спіралі. Узначаліў спар-тыўны камітэт раёна і заставаўся на пасадзе на працягу больш як трох дзесяцігоддзяў. Хаця «заставаўся» – не яго, Куркача, стыль. Ні жыццёвы, ні, тым больш, працоўны. Актыўнасць, няўрымслівасць, пошук новых формаў і метадаў іх ажыццяўлення, пастаяннае пераадольванне, адыход ад стэрэатыпаў.
Спорт № 1 у свеце. Такую пазіцыю футбол займаў і, хочацца думаць, працягвае займаць у нашым раёне. Па словах паважанага ветэрана, ні адной суботы і нядзелі калісьці ў раёне не абыходзілася без футбола. Гулялі нават зімой – па снезе, у мароз. Відовішча – не перадаць словамі, а якія гарачыя эмоцыі кіпелі на халодным полі!
– А ці ведаеш, што на працягу больш як дзесяці гадоў праводзіліся спаборніцтвы на Кубак раённай газеты па футболе? – звяртаецца ён з пытаннем і пацвярджае сказанае ілюстрацыяй. Выразка з «Ляхавіцкага весніка» ад 20 жніўня 1991 года. Лаканічны тэкст, фота са стадыёна «Хімік», на якім зафіксаваны момант уручэння прыза аднаму з лепшых ігракоў сустрэчы. У якасці прыза – у тым ліку і падпісны абанемент на газету.
Штогадовыя чэмпіянаты Ляхавіччыны па футболе праводзіліся з вясны па восень, у некалькіх, як сказалі б зараз, дывізіёнах. Футбалісты планавалі свае выхадныя з разлікам  удзелу ў чарговай гульні, прыязджалі з іншых гарадоў. Не памятаю, каб сустрэчы праходзілі без балельшчыцкай падтрымкі.
Узгадваецца такі выпадак. Прыехаў прадстаўнік рэспубліканскага спарт-камітэта, каб даведацца, як у раёне праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы. Паставіў умову – не Ляхавічы, а які-небудзь аддалены населены пункт. Была субота. Павёз адказнага таварыша ў Востраў, дзе на школьным стадыёне ў рамках чэмпіянату раёна па футболе сустракаліся каманды мясцовага сельгаспрадпрыемства і торфабрыкетнага завода. Атмасфера свята: шумныя, у добрым сэнсе, балельшчыкі і адной, і другой каманд. Да пачатку і паміж таймамі матча – музыка. Сапраўднае свята вёскі! Госць застаўся задаволены, – узгадвае падзеі прыкладна 1985 года Андрэй Барысавіч.
Клеены-пераклеены ліст ватману ў ролі «экрана» ходу фінальных спаборніцтваў у праграме раённай спартакіяды паглыбляе ў 1970 год. Знізу аўтограф: галоўны сакратар Куркач. Ручны мяч, валейбол, баскетбол, лёгкаатлетычная эстафета, настольны тэніс, шашкі-шахматы, стральба, шматбор’е, лыжы і іншыя дысцыпліны і віды спорту. Спаборніцтвы вядуцца ў чатырох падгрупах: школы сярэднія і базавыя, сельгасарганізацыі, прамысловыя прадпрыемствы. Усяго – 62 каманды. Пераможцам спартакіяды ў першай групе, чытаем на «экране», стаў саўгас-тэхнікум. Хоць справа ў іншым: які маштаб!
Разважаючы пра школьны спорт, пастаноўку фізкультурнай работы ва ўста-новах адукацыі, Заслужаны трэнер БССР з 1990 года Андрэй Барысавіч узгадвае Жарабковіцкую СШ. У тым ліку і ў сувязі з дыпломам другой ступені з ВДНГ СССР, які яна атрымала за прадэманстраваны на выставе гімнастычна-трэнажорны комплекс. Сілу і спрыт на ім адпрацоўвала не адно пакаленне школьнікаў.
Асабліва цёпла ўспамінае імёны людзей, тых, з кім працаваў, хто дапамагаў, у каго вучыўся.
– Іх нямала – сяброў, паплечнікаў, памочнікаў. Усіх памятаю і кожнаму ўдзячны, – падкрэслівае Андрэй Куркач.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

З узнагародай!

Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за актыўную грамадзянскую дзейнасць, вялікі асабісты ўклад  у патрыятычнае выхаванне моладзі  і ў сувязі з 80-гадовым юбілеем  узнагароджаны пенсіянер Андрэй КУРКАЧ.