Палявая навігацыя. У Ляхавіцкім раёне працягваюцца сельгасработы

Кукурузу на зерне ўбіраюць камбайнеры
ААТ «Шлях новы» Аляксандр Камінскі
і Аляксандр Пінчук.

Не тыповая, але прыемная і выгадная для аграрыяў акалічнасць: увесь гэты тыдзень сонца падганяе кастрычніцкія палявыя работы. А іх у мясцовых сельгасвытворцаў нямала.

Аператар ЗСК СВК «Ляхавіцкі» Руслан Станкевіч.

Узараць узорна. І ў поўным аб’ёме

Ворыва пачалося ці не адразу пасля ўборкі збожжавых і будзе працягвацца да позняй восені – пакуль дазволіць надвор’е. Задача – плошчы, якія агратэхналогія дазваляе ўзараць з восені, – узараць з восені. А ў раёне гэта – ледзь ці не 12 тысяч гектараў.
У планах ДП «Нача», дзе зроблены здымак, пад восеньскае ворыва значыцца 700 гектараў. Працэнтаў на 40 заданне ўжо выканана.

Вадзіцель ААТ «Жарабковічы» Сяргей Бабко.

Урок хіміі для азімых

▼Быў самы пачатак каляндарнай восені. На адным з палеткаў
ААТ «Жарабковічы» вялася ўборка цукровых буракоў. Зараз тое поле ярка зелянее. Усходы азімай пшаніцы дасягнулі ўжо ці не дзясятка сантыметраў і «папрасілі» гербіцыднай апрацоўкі.
На ўскрайку аўтацыстэрна з красамоўным надпісам Н20. У каляіне – распырсквальнік «хіміі», шырыня захвату якога складае 24 метры. Крок за крокам, і па выніках працоўнай змены «адхімічыць» атрымліваецца больш за сотню гектараў.

Дзесяць тон зерня з гектара

▲Кукурузна-зерневы палетак ААТ «Шлях новы» бачны здалёк. Расліны вымахалі на тры, а то і больш метраў. Багатыя пачаткі цяжка схілілі галовы. У гаспадарцы адна з самых вялікіх у раёне ўборачных плошчаў – 250 гектараў, а па стане на 16 кастрычніка і самая высокая ў раёне ўраджайнасць – 101 цэнтнер з сярэдняга гектара. Асобныя ўчасткі ледзь ці не ў паўтара раза перавышаюць названую лічбу.
Сярэднераённая лічба ўраджайнасці падбіраецца пад 80 цэнтнераў з гектара, а запланаваныя для ўборкі на зерне плошчы перавышаюць на Ляхавіччыне 1000 гектараў.
Зерне з палетка паступае вільготным – у межах 30 працэнтных адзінак: сушыць ды сушыць да складскіх 14. Магутны фронт работ для сушыльных комплексаў гаспадарак. На той момант, напрыклад, у СВК «Ляхавіцкі» пад нагрузкай знаходзіліся пяць ЗСК. На інтэнсіўнасць працэсу асабліва наглядна ўказвала работа мабільнай сушылкі – толькі пыл вулканам.

За бульбай СВК «Ляхавіцкі» пакупнікі  становяцца ў чаргу

Паляводы СВК «Ляхавіцкі» Ірына Дунчык, Галіна Грыкель
Палявод Галіна Баўтрукевіч.

І зноў пра бульбу. На гэты час ні аднаго клубня на палях сельгаспрадпрыемстваў, канешне, не знойдзеш. Сёлета пад гэту культуру ў раёне было адведзена 130 гектараў, з кожнага атрымана ў сярэднім 368 цэнтнераў клубняў.
У «Ляхавіцкім» – буйнейшым бульбавытворцы раёна –  ураджай найлепшы – больш за 400 цэнтнераў з сярэдняга гектара. Ужо сабраны, рассартаваны на дробную, насенную і таварную «фракцыі». Тавар зараз актыўна гандлюецца. Пераважна на экспарт, але і ўнутраны попыт прысутнічае. Клубні роўныя, прыгожыя, што бачна нават праз упаковачную сетку. «Скарб», адным словам.

Матэрыялы падрыхтавалі Іван КАВАЛЕНКА і Сяргей ВАРАНОВІЧ.