Заўзята і з запалам. Такі жыццёвы прынцып у ляхавічанкі Сафіі Кісель. Сярод добраахвотнікаў, якія ўздымалі цаліну, была і наша зямлячка

ДТ-54, СХТЗ-НАТИ – ляхавічанка Сафія Кісель пералічвае маркі трактароў, на якіх яна шчыравала больш за паўстагоддзе назад. Многія зараз нават і не ўяўляюць, што была такая сельскагаспадарчая тэхніка, якая заводзілася ўручную.

18-гадовая хутаранка працавала паляводам у адной з гаспадарак суседняга раёна і на прапанову вучыцца на механізатара адразу згадзілася.
Расказвае, што тэхніку любіла з дзяцінства. Год вучобы праляцеў хутка, пройдзена практыка і на руках «правы». І вось трактарыст-машыніст шырокага профілю Сафія Барысевіч круціць ручку жалезнага сябра і выязджае ў поле: арэ, сее, малоціць. Працавала з раніцы да вечара нароўні з калегамі-мужчынамі. Пыл у вочы прымушаў раз-пораз спыняцца, чакаць, пакуль пройдзе гэта хмара і наперадзе стане відно…
Пасля ўніверсальнага ХТЗ перасела на «Беларуса». Але і гэты трактар тады не быў дасканалым: без кабіны, буксаваў на вільготнай глебе.
Калі пачалося асваенне цалінных земляў, энергічная і рашучая дзяўчына, доўга не вагаючыся, сярод іншых добраахвотнікаў адправілася шукаць шчасця ў Казахстан. Будаваўся горад Рудны, дзе здабывалі руду. Працавала на абагачальнай фабрыцы на канвееры, вывучылася на матарыста.


Прырода там не такая, як у роднай Беларусі, расказвае былая цалінніца, вецер моцна дзьмуў, ні табе лясочка, ні дрэўца, толькі рэчка Табол. На яе беразе фатаграфаваліся з сяброўкамі…
Шэсць гадоў на цаліне сталі сапраўднай школай жыцця. Наву-чылі сябраваць ад душы, працаваць заўзята і з запалам.
У 1967-м вярнулася з мужам у Ляхавічы і ўладкавалася ў ПМК-46. Пераквалі-фікавалася ў аддзелачніцу. Успамінае, як ездзілі з брыгадай на аб’екты. У нашым райцэнтры тынкавалі сцены на доме № 37 па вуліцы Леніна.
Пасля была праца ў будаўнічай брыгадзе тэхнікума. Па вя-лікім рахунку, пачынала Сафія Іосіфаўна адна, затым калектыў павялічыўся да шасці чалавек. Бывала, працавалі да позняга вечара: бялілі, фарбавалі, тынкавалі сельгаспамяшканні ў Пата-павічах, Зубелевічах, Каменцы і г.д. Гаспадарка ў навучальнай установы тады была вялікая. Адсюль і на пенсію пайшла.
Сафія Кісель не з тых пенсіянераў, хто сядзіць у чатырох сценах. Спявае ў «Сівізне», нераўнадушна адносіцца да жыцця – не можа прайсці міма, калі бачыць безгаспадарчасць. А яшчэ яна самы кампетэнтны дарадца для сваіх дамашніх – сына і дочкі, трох унукаў і двух праўнукаў. Гледзячы на Сафію Іосіфаўну, ні за што не скажаш, што ёй ужо за восемдзесят: голас звонкі, а душа маладая. І субяседнік цікавы, пазітыўны.

– Працы ніколі не баялася. Заўсёды да справы ставілася адказна, старалася рабіць усё якасна, каб перад людзьмі не было
сорамна, – гаворыць Сафія Кісель.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з сямейнага архіва.