Кастрычнік любіць быць прыгожым. З 16 кастрычніка па 16 лістапада ў Ляхавіцкім раёне праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку

Сярод клопатаў камунальнікаў, у тым ліку сталяра камунгаса Юрыя Семчанкі, гэтым часам – і добраўпарадкаванне парку па вуліцы Дзесюкевіча.

А ў вас чыста? Пытанне не рытарычнае і патрабуе не проста адказу – дзейснага і красамоўнага. У ролі строгага экзаменатара на гэты раз – раённая рабочая група па падрыхтоўцы і правядзенні месячніка.
Безумоўна, тон у справе навядзення парадку і забеспячэння належнага санітарнага стану задае камунгас. Але і арганізацыі, прадпрыемствы, установы распрацавалі свае планы: дзе трэба – прыбраць, пачысціць, падфарбаваць, што трэба – падрамантаваць, замяніць, добраўпарадкаваць. Калі такая зацікаўленасць выходзіць за межы камунальнай, то ідэя і яе ўвасабленне, натуральна, набываюць істотны размах, закранаюць значна большую колькасць адрасоў.
Працоўныя калектывы, гараджане і вяскоўцы, каляджане і школьнікі – справа па сілах знойдзецца для ўсіх.
Наогул, вельмі добра, калі да чыстай справы далучаецца падрастаючае пакаленне. Цудоўна, калі яе важнасць разумеюць і самыя маленькія землякі. Значыць, можна спадзявацца, што традыцыя чыстых кастрычнікаў, красавікоў, чацвяргоў, якія штораз упрыгожваюць нашу малую радзіму, будзе працягвацца і далей.
А ў вашым двары чыста?

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.