Небяспека на працоўным месцы

Па даных Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы летась у арганізацыях і ўстановах Брэстчыны загінулі 49 работнікаў (у 2008 – 32) і 98 атрымалі траўмы з цяжкім зыходам (у 2008 – 74). Тэндэнцыя трывожная, калі не сказаць больш. Адной з галоўных прычын такой несуцяшальнай статыстыкі застаецца злоўжыванне спіртным. Трэць загінуўшых і больш за 15 працэнтаў цяжка траўміраваных знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
За 2009 год у арганізацыях Ляхавіцкага раёна адбылося 8 няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Гэта на 6 менш, чым у 2008 годзе, але, разам з тым, не прычына для самазаспакаення. Два з зарэгістраваных выпадкаў – у Куршынавіцкім лясніцтве ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” і ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс” – мелі смяротны зыход, яшчэ два – на СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” і ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях – пацягнулі за сабой цяжкія наступствы для здароўя пацярпелых.
Прычыны, што прывялі да няшчасных выпадкаў на вытворчасці, не новыя: невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі арганізацый абавязкаў па ахове працы (лясгас, райаграсервіс, РАНС), знаходжанне работнікаў у стане алкагольнага ап’янення (у лесе загінуў рабочы лясгаса, у крыві якога было выяўлена 3,6 праміле алкаголю; нецвярозы вадзіцель райаграсервісу смяротна траўміраваў іншага работніка прадпрыемства); неасцярожныя дзеянні пацярпелага (СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”) і парушэнне пацярпелымі патрабаванняў інструкцый па ахове працы (ПВУП “Ляхавіцкі кааппрам” і ЗТАА “БелДан”).
На жаль, і сёлета на Ляхавіччыне ўжо адкрыты спіс выпадкаў вытворчага траўматызму. 5 лютага падчас камандзіроўкі на філіял прадпрыемства “Мотавела” (г. Мінск) вадзіцель ПУП “Ляхавіцкі кааптранс” аступіўся, спускаючыся з кузава грузавога аўтамабіля, і атрымаў цяжкія траўмы.
6 сакавіка пры перапампоўванні вадкіх удабрэнняў у цыстэрну аўтамабіля на чыгуначнай станцыі г. Клецка няшчасны выпадак з цяжкім зыходам адбыўся з вадзіцелем СВК “Жарабковічы”. Зараз інспекцыя працы праводзіць расследаванне па гэтым факце.
Мікалай БУРБУЦЬ, загадчык сектара аховы працы, сацыяльна-працоўных адносін і заработнай платы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *