Пад аховай аховы. 29 кастрычніка – Дзень работнікаў дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь /фота плюс відэа/

Міліцыянеры-вадзіцелі Ігар Сокал і Мікалай Кандратчык.
Камандзір аддзялення Андрэй Андрэеў, міліцыянер-кінолаг Дзмітрый Машэй.
Вартаўнік Валерый Журык.

Калі коратка і дакладна пра іх работу – яны дораць спакойнае жыццё. Афіцыйна аддзяленне па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы Баранавіцкага аддзела дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь за галоўную мэту мае ахову маёмасці розных формаў уласнасці, а таксама забеспячэнне грамадскага парадку ў зоне маршруту патрулявання і пастоў аховы. Пад штодзённай абаронай службы – шматлікія арганізацыі, прадпрыемствы, установы, а таксама прыватныя домаўладанні.
Пад аховай у Ляхавіцкім раёне знаходзіцца больш за 125 аб’ектаў, у 80 з іх устаноўлены трывожныя кнопкі. Сігнал, што патрабуецца дапамога ахоўнай службы, можа прыйсці ў любы час сутак, таму
кантроль за сродкамі сігналізацыі вядзецца кругласутачна.
Лічаныя хвіліны, і самы мабільны нарад службы – група затрымання – літаральна ляціць на выклік.
І ніколі не ведаеш, чаго чакаць ад чарговага выезду на аб’ект. Здараецца, «парадак» парушыла дамашняя жывёла або, напрыклад, гаспадар забыўся зняць з сігналізацыі кватэру. Іншы ж
расклад – сустрэцца з правапарушальнікам або злачынцам. Заўсёды напагатове міліцыянер-вадзіцель і кінолаг з чатырохногім таварышам. На аб’ект такая каманда едзе ў поўнай экіпіроўцы: у касках, бронекамізэльках, са зброяй.
За 9 месяцаў супрацоўнікі аддзялення склалі больш за 250 адміністрацыйных пратаколаў на парушальнікаў.
Сёння ў аддзяленні па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы нясуць службу 15 міліцыянераў, 24 вартаўнікі, а таксама людзі не ў форменным адзенні – электраманцёры АПС, вядучы спецыяліст групы сродкаў і сістэм аховы.
Пра калектыў начальнік аддзялення Аляксандр Хітрык гаворыць проста, але ёміста:
– Надзейныя людзі. Ім можна даверыць адказны фронт работы і быць упэўненым, што яны не падвядуць.
Дарэчы, і сам Аляксандр  Анатольевіч можа пахваліцца салідным стажам службы – у ахове ён больш за дзясятак гадоў.
Ветэранская пярвічка аддзялення па ахове, якую ўзначальвае падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Іван Назараў, заўсёды побач і на сувязі з калегамі.
І ў сваё прафесійнае свята многія супрацоўнікі застануцца на варце спакою ляхавічан. Спакойнай і лёгкай службы!

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.