Шлях адходаў у даходы

Майстар участка саначысткі ЖКГ Святлана Курловіч, вадзіцель
Юрый Вайцешык на прыёмна-сартавальным пункце ЖКГ.

На чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні  райвыканкама
быў прааналізаваны ход выканання раёнам дзяржзадання па нарыхтоўцы і здачы на перапрацоўку другасных матэрыяльных рэсурсаў

Эканамічны  рэсурс і экалагічная выгада

Спрацаваныя шыны і адпрацаванае маторнае масла, былыя ў выкарыстанні вырабы з пластыку, металічны і будаўнічы лом, тэкстыль і старая бытавая тэхніка, адслужыўшая сваё папера ўсё яшчэ маюць патэнцыял, могуць і павінны быць «прызваны» на службу чалавеку яшчэ раз. Якія-ніякія, але гэта грошы для канкрэтнага нарыхтоўшчыка-здатчыка. І экалогія для ўсіх: тая ж, напрыклад, неахайна выкінутая палімерная бутэлька здольна захоўвацца ў зямлі сотню і больш гадоў, наносячы тым самым шкоду жывой прыродзе, якая не навучылася «ператраўліваць» пластык. Нам патрэбна такая «выгада»? А каб без двукосся, усяго і неабходна, што распарадзіцца адходамі па розуме і сумленні.

Дзяржзаданне  і дзяржзаказ

На падставе адпаведнага рашэння аблвыканкама Ляхавіцкі райвыканкам прыняў рашэнне, якое абавязвае арганізацыі і прадпрыемствы раёна ажыццяўляць нарыхтоўку другасных матэрыяльных рэсурсаў – па відах і ў вызначаных аб’ёмах. Згодна з заданнем, у 2019 годзе раёну трэба сабраць 650 тон макулатуры, 500 – адходаў шкла, 100 – пластыку, 110 – зношаных шын, 40 – адходаў бытавой тэхнікі і 30 тон адпрацаванага маторнага масла. Усяго – 1430 тон розных відаў другасных матэрыялаў. Па стане на 15 кастрычніка, сабрана 768 тон – 54 працэнты ад задання. Найбольш выгадная сітуацыя з адходамі бытавой тэхнікі, а збор макулатуры даецца асабліва складана.
Дзяржаўны заказ распаўсюджваецца на дзве пазіцыі адходаў – макулатуру і шкло. Да канца года нарыхтоўкі кожнага з рэсурсаў павінны «вырасці» да 350 тон.
Пакуль жа, як паказаў праведзены аддзелам архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама маніторынг, за 9 месяцаў сабрана 310 тон шкла і 250 макулатуры – 88 і 75 працэнтаў адпаведна.
Уся сабраная насель-ніцтвам, прадпрыемствамі сыравіна паўторнага выкарыстання паступае да чатырох раённых аператараў. У якасці такіх выступаюць камунгас, райпо, ІП Пронька В. В. – што тычыцца макулатуры; першыя два і ІП Пронька В. І – у адносінах адходаў шкла. Камунгас свой заказ па зборы шкла выканаў на 135 працэнтаў, райпо – на 81, ІП Пронька В.І. – на 64. Але праўда і ў тым, што ў індывідуальнага прадпрымальніка самае высокае заданне – 140 тон, супраць 120 у райпо і 90 у камунгаса. Пры роўных лічбах заказу – па 160 тон – найбольшую выніковасць у нарыхтоўцы макулатуры паказвае райпо, дзе план выкананы на 81 працэнт, у камунгасе – на 60. З заказаных 30 тон адходаў паперы і кардону ІП Пронька сабраў 24.
Пры гэтым, як адзначыў у дакладзе намеснік старшыні райвыканкама  Андрэй Ляшчэня, у параўнанні з мінулым годам, сёлета ёсць падстава гаварыць пра паляпшэнне ў раёне сітуацыі са зборам другасных матэрыяльных рэсурсаў. Станоўчая дынаміка адзначаецца па ўсіх шасці відах сыравіны. У тым ліку – макулатуры, якой нарыхтавана на 82 тоны больш, чым за аналагічны перыяд летась. Але і гэтага недастаткова для выканання задання па зборы паперы і кардону. Узровень даведзенага задання даволі высокі: у разліку на аднаго жыхара раёна сабраць патрабуецца 26 кілаграмаў паперы.

Раўненне  на лепшых

Шэраг арганізацый раёна справіліся з заданнем па зборы таго або іншага віду другасных рэсурсаў.
Так, па макулатуры ў ліку лепшых зборшчыкаў былі адзначаны некаторыя падраздзяленні райвыканкама, лясгас, РАУС, РАНС, пошта, Жарабковіцкі, Конькаўскі, Крывошынскі, Начаўскі, Востраўскі, Навасёлкаўскі сельвыканкамы, па зборы шкла – кансервавы завод, пластыку – ЗАТ «Белпрампрыбор» і СВК «Ляхавіцкі», адпрацаванага масла – той жа «Ляхавіцкі», малочны завод, ДП «Нача», аўтацэнтр «Вікторыя», па сборы зношаных шын выдатную адзнаку атрымалі камунгас, лясгас, «Нача», ПМС. Некаторыя з пералічаных лічбу задання перакрылі ў паўтара-два-тры разы.

МЕРКАВАННІ

Сяргей ГАТОЎЧЫЦ, першы намеснік начальніка РАНС:
– Макулатуру збіраеш – дрэва ад высечкі ратуеш. Гэту ісціну добра засвоілі яшчэ ў школьныя часы. У РАНС разумеюць важнасць збору другаснай сыравіны, таму да выканання задання па нарыхтоўцы макулатуры актыўна падключаюцца ўсе нашы работнікі. Сярод калег колькасцю сабранай паперы вызначаецца выратавальнік Віталій Жук, якому дапамагае яго вялікая сям’я.

Іна ЗУБІК, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама:
– Навучальныя ўстановы раёна актыўна ўдзельнічаюць у зборы другаснай сыравіны. З 9 верасня па 11 кастрычніка праходзіў асенні абласны конкурс па зборы макулатуры сярод навучальных устаноў «Захавай дрэва – здай макулатуру». Больш за іншых макулатуры сабрала гімназія – 4983 кілаграмы. Дарэчы, па стане на пачатак кастрычніка, аддзел па адукацыі план па здачы ўсіх відаў другаснай сыравіны выканаў.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.