Адкрыты ўрок для навучэнцаў і выкладчыкаў правёў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Андрэевіч Сумар

Яшчэ больш шматлюдна, чым заўсёды, было ў мінулую сераду ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы: сюды з’ехаліся дэлегацыі з двух дзясяткаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў вобласці. Менавіта тут з прадстаўнікамі ССНУ Брэстчыны сустракаўся старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар.

Выстава гаспадароў прэзентавала ЛДАК як адасобленае структурнае падраздзяленне Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Карціну развіцця сярэдняй спецыяльнай адукацыі Брэстчыны стваралі і экспазіцыі іншых навучальных устаноў. Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар разам са сваім намеснікам Леанідам Цупрыкам, начальнікам упраўлення адукацыі Міхаілам Ціханчуком, рэктарам БарДУ Васіліем Качуркам, старшынёй райвыканкама Дзмітрыем Бурдуком пазнаёміўся з выставай, метадычнымі распрацоўкамі, цікавіўся станам матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа, арганізацыяй навучальнага працэсу, зваротнай сувяззю з выпускнікамі. Ва аўдыторыі, дзе займаліся будучыя аграномы, Канстанцін Андрэевіч «праэкзаменаваў» навучэнцаў на веданне прадмета, падкрэсліў важнасць адзінства тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі.
І сустрэча губернатара з прадстаўнікамі ССНУ вобласці пачалася з выказанага ім уражання ад размовы з навучэнцамі ЛДАКа. Канстанцін Сумар падкрэсліў, як важна, каб будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі не толькі запаміналі назвы культур, удабрэнняў, іншыя спецыяльныя тэрміны, але разумелі, для чаго нам усё гэта патрэбна: «Мы павінны не шкалярствам займацца, а пераводзіць вучобу ў практычную плоскасць».
Гэта датычыць усёй сістэмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, заўважыў старшыня аблвыканкама. Ён акцэнтаваў увагу на неабходнасці вызначэння ролі гэтага ўзроўню адукацыі для падрыхтоўкі кадраў.

Старшыня аблвыканкама засяродзіў увагу на развіцці эканомікі Брэстчыны, росце аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі. Наша вобласць сёлета заняла першае месца ў рэспубліцы на жніве. Рэнтабельнасць продажу сельскагаспадарчай прадукцыі вырасла ўдвая. 25 працэнтаў аграрнага экспарту краіны дае Брэстчына. Прычым, наша вобласць прадае больш, чым купляе, падкрэсліў Канстанцін Сумар.
Эканоміка працуе. Для яе далейшай мадэрнізацыі патрабуюцца не толькі матэрыяльныя рэсурсы, але і кадры. Менавіта ССНУ рыхтуюць запатрабаваных спецыялістаў. Па геаграфіі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў можна прасачыць развіццё Брэстчыны: арганізоўваліся буйныя вытворчасці — ствараліся ўстановы, дзе можна было набыць адпаведныя прафесіі. У Баранавічах, Пінску, Пружанах, Ляхавічах і іншых райцэнтрах вобласці ёсць свае ССНУ — з багатай гісторыяй, добрымі традыцыямі і сучасным падыходам да падрыхтоўкі спецыялістаў.
Тое, што наша сельская гаспадарка, напрыклад, стала на галаву вышэй, заслуга новых тэхналогій, мадэрнізацыі і кадраў, перакананы старшыня аблвыканкама. Кожны чацвёрты працаўнік Брэстчыны мае сярэднюю спецыяльную адукацыю. У 20 ССНУ вобласці штогод навучаюцца 20 тысяч чалавек і 3 тысячы атрымліваюць дыпломы. Уразлівыя лічбы. Але, як падкрэсліў Канстанцін Сумар, гэтае пытанне не без праблем. Замацаванне маладых кадраў у вёсках і малых гарадах — адна з іх. Узяць ЛДАК. Толькі палова спецыялістаў размяркоўваецца ў нашу вобласць. Пасля абавязковай адпрацоўкі пэўная частка не застаецца ў прафесіі. Канстанцін Андрэевіч падкрэсліў: ва ўрад унесены прапановы па замацаванні маладых кадраў. Але многае залежыць ад саміх ССНУ. Напрыклад, на думку кіраўніка вобласці, якасна іншага падыходу патрабуе прафарыентацыйная работа. Паездкі выкладчыкаў па школах і ўгаворы паступаць у іх установы — не тая форма, якая дасць жаданы вынік. А вось Дні адкрытых дзвярэй, калі можна паказаць гісторыю ўстановы, рэаліі і перспектывы, зацікавіць па-сапраўднаму запатрабаванай прафесіяй, варта практыкаваць, як і падрыхтоўку спецыялістаў па мэтавых накіраваннях.
Як адзначыў Канстанцін Сумар, у бліжэйшай перспектыве вобласць будзе мець патрэбу ў спецыялістах сельскай гаспадаркі, энергетыкі, машынабудавання, медыцыны. На думку Канстанціна Андрэевіча, за кошт бюджэту трэба рыхтаваць кадры для сацыяльнай сферы, запатрабаваных спецыяльнасцяў.
І яшчэ адна ўплывовая акалічнасць. На працягу двух-трох гадоў пасля выпуску выкладчыкі ССНУ павінны цікавіцца лёсам маладых спецыялістаў. Такое суправаджэнне будзе на карысць справе.
Хвалявала аўдыторыю і пытанне абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы ССНУ, на якім падрабязна спыніўся старшыня аблвыканкама.
А потым Канстанцін Сумар адказваў на шматлікія пытанні ўдзельнікаў сустрэчы. Навучэнка ЛДАКа Кацярына Басалай, напрыклад, цікавілася новымі жывёлагадоўчымі праектамі Брэстчыны і, у прыватнасці, вытворчымі вынікамі «БелДана». Канстанцін Андрэевіч адзначыў, што «БелДан» на працягу трох гадоў акупіў затраты, што нашы будаўнікі пры яго ўзвядзенні навучыліся многаму, што па дацкай тэхналогіі пабудаваны комплекс у Ружанах, а цяпер будуецца ў Жабінкоўскім раёне, што плануецца расшырэнне «БелДана».
Іншыя пытанні датычылі развіцця будатрадаўскага руху, падтрымкі таленавітых навучэнцаў ССНУ, замацавання маладых кадраў у вёсцы. На кожнае з іх старшыня аблвыканкама даў вычарпальны адказ. І шчыра пажадаў сваім маладым субяседнікам памятаць пра тое, што зрабілі іх дзеды і бацькі, і старацца гэта прымнажаць.
Завяршылася сустрэча канцэртам мастацкай самадзейнасці, які падрыхтавалі ляхавіцкія каляджане — удзельнікі клуба «Юнацтва».
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *