Профі з “Ляхавіцкага” пацвердзілі клас

І зноў прозвішчы нашых землякоў- выдатных профі ў сельскай гаспадарцы — годна прагучалі на ўсю краіну! На базе Рэчыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа прайшоў рэспубліканскі конкурс майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні жывёлы. Пераможца абласнога этапу —  заатэхнічнае звяно з СВК “Ляхавіцкі” нашага раёна пацвердзіла марку лепшага на Брэстчыне і дастойна прадставіла вобласць на рэспубліканскім узроўні. Дасканалае валоданне тэорыяй, выключнае практычнае майстэрства ў спалучэнні з вопытам, зладжанасць і ўменне  працаваць у камандзе паспрыяла паспяховаму выступленю прафесійнага  трыа з «Ляхавіцкага» ў складзе заатэхніка-селекцыянера Галіны Ксёнжык, тэхніка па штучным асемяненні БРЖ Івана Патаповіча, ветырынарнага ўрача-гінеколага Сяргея Белавуса.
Па суме конкурсных іспытаў наша звяно заняло другое месца, саступіўшы толькі калегам з ААТ “Агракамбінат “Дзяржынскі”.
Пераможцы і прызёры рэспубліканскага конкурсу атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі. Ушаноўвалі каманду з “Ляхавіцкага” і на пасяджэнні райвыканкама.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.