У «Ляхавіцкім», што пад Ляхавічамі, задзейнічаны самыя перадавыя тэхналогіі вытворчасці

На пытанне, які сельгаскааператыў у раёне самы адметны працоўнымі поспехамі, большасць землякоў назавуць СВК «Ляхавіцкі». Ён усімі сваімі справамі і пачынаннямі нібы падтрымлівае добры імідж свайго цёзкі-раёна, ды і размешчаны побач з райцэнтрам. Выдатныя ўраджаі — у «Ляхавіцкім», надоі-прывагі — таксама тут, самы магутны і новы машынна-трактарны парк — гонар гаспадаркі, добраўпарадкаваны і адбудаваны аграгарадок Русінавічы. І слаўных працай людзей, перадавікоў і пераможцаў, у тым ліку і рэспубліканскага ўзроўню, найбольш у гэтай гаспадарцы. Умовы працы, дзе задзейнічаны самыя перадавыя тэхналогіі вытворчасці, гарантуюць развіццё.
Напрыклад, у малочнай жывёлагадоўлі. На русінавіцкай ферме — адной з самых сучасных і высокатэхналагічных у раёне — працуецца, нібы ў іншым вымярэнні часу: новыя магчымасці, патрабаванні, умовы працы, якія накіраваны на атрыманне толькі высакаякаснай прадукцыі. Зрэшты, у «Ляхавіцкім» заўсёды ўдзялялася належная ўвага развіццю жывёлагадоўлі: на ўзроўні племянная справа, пад кантролем павелічэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Вось і сёлета на сучасны лад рэканструяваны яшчэ адзін будынак фермы, пастаўлена на ўтрыманне сухастойная група кароў, якія тут жа будуць раздойвацца і папаўняць статак высокапрадукцыйных жывёл на новай МТФ. Усё ў комплексе, прадумана, падлічана — па-гаспадарску. Не дзіўна, што надой малака на адну карову ў гэтай гаспадарцы за 10 месяцаў склаў 6131 кілаграм — лепшы паказчык сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. Як, дарэчы, і сярэднясутачныя прывагі жывёлы на адкорме.
Развіццё раслінаводчай галіны ў сельгаскааператыве напрамую звязана з механізацыяй вытворчасці. Сучасная тэхніка, высокая культура земляробства, выдатныя кадры спецыялістаў і механізатараў, а таксама навуковаабгрунтаваныя дзеянні агранамічнай службы год ад году даюць выдатныя вынікі. Сёлета сабрана 67,8 цэнтнера з гектара зерневых і зернебабовых культур, што забяспечыла гаспадарцы трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве на жніве.
Спецыялісты лічаць сельскагаспадарчую вытворчасць рызыкоўнай: многае залежыць ад надвор’я. Што датычыць СВК «Ляхавіцкі», то ўсёй сваёй дзейнасцю ён даказвае: ёсць прыёмы, каб гэту рызыку зменшыць. Стабільнасць — вось вызначальная рыса гаспадарання. І «прыжылася» яна тут дзякуючы шматгадоваму ўмеламу, мэтанакіраванаму, прагрэсіўнаму кіраўніцтву старшыні Аляксандра Вітко, які вывеў гаспадарку на шырокі жыццёвы прасцяг.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *