Ляхавіччына:флагман сельгасвытворчасці раёна — СВК «Шлях новы»

Гэты год для флагмана сельгасвытворчасці раёна СВК «Шлях новы» — удалы і стабільны, як і папярэднія. Адчувальна гэта ў прывагах і надоях, ураджайнасці і кадравым забеспячэнні, мадэрнізацыі вытворчасці і развіцці сацыяльнай сферы. Гаспадарка стала пераможцай абласнога спаборніцтва на жніве з паказчыкам ураджайнасці зерневых — 70,7 цэнтнера з гектара. Старшыня СВК Аляксандр Вашчук уздымаў сцяг абласных «Дажынак». Дарэчы, па традыцыі дэлегацыю Ляхавіччыны на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2012» у Камянцы суправаджаў ансамбль народнай песні «Вечарніца» з Навасёлкаўскага СДК.
На славу сёлета ўрадзіў і півавараны ячмень, па ураджайнасці гэтай стратэгічна важнай культуры «Шлях новы» — трэці ў вобласці. Традыцыйна гаспадарка сярод раённых і абласных лідараў на ўборцы цукровых буракоў (ураджайнасць склала 580 цэнтнераў з гектара). У дасягненні такіх вынікаў — заслуга раслінаводчых брыгад і механізатараў, задзейнічаных на сяўбе, уборцы і нарыхтоўцы кармоў, і, канешне, агранамічнай службы, якую ўзначальвае галоўны аграном Аляксандр Рамейка. Як заўсёды, падчас кормаўборачнай і нарыхтоўчай кампаній майстар-клас паказалі неаднаразовы пераможца абласных і раённых спаборніцтваў на адвозцы травяных кармоў Аляксандр Маслаў, адзін з лепшых вадзіцеляў гаспадаркі Уладзімір Махнач. Асы задаюць тон, раўняюцца на іх і маладыя аграрыі. Так, старшы камбайнер Руслан Бут — лепшы сярод маладзёжных экіпажаў Ляхавіччыны на жніве.
Неаднойчы назва гаспадаркі гучала сярод пераможцаў спаборніцтваў па вытворчасці малака і мяса. У 2012 годзе ў сярэднім ад кожнай з 1715 кароў, якія ўтрымліваюцца на чатырох МТФ, плануецца надаіць 5700 літраў малака, 50 працэнтаў якога прадаецца на перапрацоўку гатункам экстра, 43 працэнты — вышэйшым. Кожны аператар машыннага даення сельгаскааператыва — прафесіянал. Але і тут ёсць свае лідары, напрыклад, Людміла Калацкая і Юлія Малевіч.
Апраўдвае ўкладзеныя сродкі і сілы колькасцю і якасцю прадукцыі сучасная МТФ, пабудаваная па новых тэхналогіях. 98 працэнтаў малака ад кароў, якія ўтрымліваюцца на ёй, ідзе на перапрацоўку на малочны завод гатункам экстра. Не пакінуты без увагі і старыя фермы: 5 вытворчых жывёлагадоўчых памяшканняў капітальна адрамантаваны. А МТФ «Вялікая Лотва» рэканструявана, і ў хуткім часе тут з’явіцца новая даільная зала.
— Усе здабыткі маем, дзякуючы нашым працаўнікам, якія, не шкадуючы сіл, энергіі, часу, шчыруюць на фермах, палях, у вытворчых майстэрнях. Мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым, у нас шмат задач і планаў, — падкрэслівае Аляксандр Вашчук, які сёлета прызнаны абсалютным пераможцам у абласным конкурсе на званне лепшага кіраўніка сельгаспрадпрыемстваў Брэстчыны са стажам работы кіраўніком да 5 гадоў. Вопытны старшыня і прадбачлівы чалавек, ён слоў на вецер не кідае. Тым больш, што існуюць рэзервы для эканамічнага росту сельгаскааператыву.
СВК «Шлях новы» заўсёды пацвярджае сваю назву. Гаспадарка ў многім — першапраходзец. Утульны, чысты, з багатай інфраструктурай і сацкультбытам аграгарадок Навасёлкі — адна з першых ластавак у раёне, малады сад — адзіны такога кшталту на Ляхавіччыне.
Сёння працаўнікі «Шляху новага» прымаюць віншаванні з працоўнымі дасягненнямі і прафесійным святам. Дзень святочны. А далей — чарговая «зімоўка», падрыхтоўка да адказнага экзамену — сяўбы, уборка і штодзённая руплівая праца нястомных сялянскіх рук.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *