Беларуска-дацкае прадпрыемства працуе ў Ляхавіцкім раёне

У адносінах замежнага таварыства з абмежаванай  адказнасцю «БелДан» вызначэнне «ферма» не гучыць, зусім не раскрывае тэмы. Усё ж свядомасць многіх з нас з гэтым словам звязвае нешта больш простае, менш тэхналагічнае, не ў такой ступені комплекснае, не настолькі ўплывовае. Тым важней, што ўплывовасць беларуска-дацкага прадпрыемства вымяраецца не толькі тонамі прадукцыі, але і істотнасцю сацыяльнай нагрузкі.
ЗТАА «БелДан» было зарэгістравана роўна 6 гадоў таму — 16 лістапада 2006 года. На мэце мелася арганізацыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь сучаснага аграрнага прадпрыемства па вытворчасці свініны на аснове перадавых дацкіх (чытай — еўрапейскіх) тэхналогій. Выбар прыйшоўся на Ляхавіцкі раён, і ў 2007 годзе ў блізкіх ваколіцах Вострава разгарнулася будаўніцтва аграпрадпрыемства з жывёлагадоўчым комплексам па вытворчасці беконнай свініны на 1600 свінаматак. Можна лічыць, што вытворчы старт «БелДан» узяў у 2009 годзе, разам з завяршэннем узвядзення рэпрадукцыйнай фермы. А прыкладна праз 2 гады прадпрыемства выйшла на поўную вытворчую магутнасць, што раўняецца 5 тысячам тон мяса ў жывой вазе.
Летась сярэднясутачны прырост жывой масы белданаўскіх свіней на адкорме складаў 937 грамаў (адзначаны 115-працэнтны тэмп росту ў параўнанні з аналагічным паказчыкам папярэдняга года).
Пазней, ужо з выхадам прадпрыемства на праектную магутнасць, «БелДан» «прырос» цэхамі па прыгатаванні камбікармоў і забоі жывёлы.
Выхад мяса ў сярэднім па прадпрыемстве раўняецца прыкладна 71 працэнту жывой вагі жывёлы.
Беларуска-дацкае прадпрыемства, апроч іншага, з’яўляецца вядучым экспарцёрам нашага раёна. Так, за перыяд са студзеня па май бягучага года на яго долю прыйшлося 43,3 працэнта агульнараённых экспартных паставак.
Узвядзенне вытворчасці «падцягнула» і развіццё інфраструктуры цяпер ужо аграгарадка Востраў. У мінулым годзе арганізацыя завяршыла будаўніцтва і ўвяла ў эксплуатацыю 11 аднакватэрных жылых дамоў. Дзякуючы ў тым ліку і з’яўленню на тутэйшых землях ЗТАА «БелДан», вёска Востраў стала аграгарадком. Прычым, на суб’ектыўны погляд, адным з найбольш прывабных на Ляхавіччыне. Радыкальна абноўлена цэнтральная вуліца населенага пункта, рэканструяваны і атрымаў дадатковае медыка-дыягнастычнае абсталяванне ФАП, адрамантаваны цэнтр культуры і вольнага часу, зроблена многае іншае.
Расшырэнне прадпрыемства, у адпаведнасці з прынятым параўнальна нядаўна рашэннем, мяркуецца выканаць з улікам навейшых, што з’явіліся на працягу апошніх гадоў, тэхналогій. У прыватнасці, мяркуецца выкарыстаць іншую схему сістэмы выдалення, акумуляцыі і ўнясення на палі гною.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *