Пра папярэднія вынікі і кантрольны перапіс

30 кастрычніка, апошні дзень важнай дзяржаўнай кампаніі – перапісу насельніцтва

Калі вы па нейкіх прычынах яшчэ не перапісаліся, у вас ёсць шанц адказаць на пытанні дома ці прыйсці на стацыянарны ўчастак.
Дарэчы, пра гэта ўсім нам зноў нагадаў праз СМС Белстат. Ён і яго структурныя падраздзяленні сочаць, колькі кватэр, дамоў, грамадзян перапісваюцца штодзённа. Ужо можна даць папярэднюю ацэнку гэтай падзеі даўжынёй у 27 дзён. Начальнік аддзела статыстыкі раёна Вольга Вялічка адзначае спакойны рабочы рэжым перапісу ў Ляхавіцкім раёне:
– Падрыхтоўка, потым асноўныя этапы, сярод якіх анлайн-перапіс, работа на стацыянарных участках, візіты да тых, хто яшчэ не перапісаўся, – усё адбывалася строга па правілах. За наш раён магу сказаць адназначна – прайшло паспяхова.
Аднак, не варта палохацца і тым, да каго перапісчыкі прыйдуць сёлета з 1 па 5 лістапада. Значыць, вы выбарачна трапілі ў так званы кантрольны перапіс. Колькасць пытанняў, на якія трэба адказаць, меншая. Асноўная задача – праверыць супадзенне адказаў тады і цяпер.
Але і тут меры перасцярогі, каб не пацярпець ад зламыснікаў, для грамадзян нялішнія: у перапісчыка абавязкова павінны быць пасведчанне і спецыяльная сумка.
Як падкрэсліла Вольга Вялічка, першыя афіцыйныя вынікі перапісной кампаніі будуць агучаны ў лютым наступнага года.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.