Аперацыя «Лістапад». У Ляхавіцкім раёне працягваецца месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку

Каляндарны лістапад толькі на падыходзе, але яму ўжо мала што засталося ад восеньскага золата: цёплы кастрычнік паспяшаўся сам распрануць дрэвы. Апалае лісце за апошнія тыдні істотна пашырыла фронт работ па навядзенні парадку. Ад лістападных наступстваў патрэбна ачышчаць паркі, скверы, дарожкі, тратуары, праезныя часткі, двары. Шчыруюць камунальнікі, да работы далучыліся каляджане і школьнікі, прадстаўнікі працоўных калектываў, гараджане і вяскоўцы. Як расказалі ў камунгасе, штодзень на палігон з райцэнтра вывозіцца па 6-8 рэйсаў такога восеньскага груза.
Дарэчы, уборкай лісця ўдзел камунальнай службы ў месячніку добраўпарадкавання не абмяжоўваецца. Абрэзка старых дрэваў і сухога галля, падсеў газоннай травы, добраўпарадкаванне парка па вуліцы Дзесюкевіча і крынічкі на беразе Ведзьмы – далёка не поўны пералік сённяшніх службовых клопатаў.

Падчас месячніка па добраўпарадкаванні, што праходзіць з 16 кастрычніка па 16 лістапада, неабходна забяспечыць належны санітарны стан і парадак на тэрыторыях населеных пунктаў
раёна.

Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.