Інфармацыйны ўдзел. У Палацы прафсаюзаў адбыўся форум «Роля рэгіянальных СМІ ў фарміраванні грамадскага меркавання па пытаннях выбарчай кампаніі»

Адкрытая і зацікаўленая размова – у такім фармаце  ў Палацы прафсаюзаў 28 кастрычніка адбыўся форум «Роля рэгіянальных СМІ ў фарміраванні грамадскага  меркавання па пытаннях выбарчай кампаніі».

На сустрэчу, арганізаваную Федэрацыяй прафсаюзаў  Беларусі пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі, з’ехаліся каля 150 журналістаў з усіх рэгіёнаў краіны. Цэнтральнай тэмай абмеркавання сталі формы і варыянты ўзаемадзеяння рэдакцый з кандыдатамі ў дэпутаты, партыямі і грамадскімі аб’яднаннямі, метады падачы інфармацыі.
Першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі акцэнтаваў увагу на прававых аспектах асвятлення палітычнай кампаніі. У прыватнасці, арыентаваў на забеспячэнне роўных умоў для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты. «Цяпер вельмі важны і адказны перыяд. Мы заклікаем СМІ быць максімальна аб’ектыўнымі, дакладнымі ў пытаннях выканання заканадаўства і, самае галоўнае, – забяспечыць роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты, якія будуць выступаць з гэтых пляцовак», – сказаў Павел Лёгкі. Ён падкрэсліў, што вельмі важныя палітычная актыўнасць і свядомасць насельніцтва, а задача прэсы – максімальна даходліва данесці да людзей думку пра тое, што ўдзел у выбарах, у галасаванні – гэта іх рэальная магчымасць станоўча паўплываць на сённяшні дзень і будучыню краіны.
Федэрацыя прафсаюзаў удзельнічае ў кожным з этапаў выбарчай кампаніі. Старшыня ФПБ Міхаіл Орда расказаў пра работу, якую праводзіць прафсаюз падчас выбараў у парламент. Распрацаваны давед-нік, у якім выкладзены асновы выбарчага заканадаўства, сабраны патрабаванні да назіральнікаў і іх працы.
У кожным раёне будзе створаны штаб па арганізацыі і каардынацыі дзейнасці назіральнікаў. Дзесяць кіраўнікоў прафсаюзных арганізацый зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. У склад тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій увайшлі 283 прадстаўнікі ФПБ – практычна трэць ад агульнай колькасці ўсіх прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў. 8985 –колькасць «саюзнікаў» у складзе ўчастковых выбарчых камісій, акрэдытавана на сёння амаль 1000 мясцовых назіральнікаў, і гэта яшчэ лічба істотна павялічыцца. Лідар ФПБ расказаў пра дзейнасць арганізацыі, шматлікія меры, якія прыняты і прымаюцца дзеля абароны правоў працоўных.
Сваім бачаннем сучасных тэндэнцый у інфармацыйнай прасторы, кантэнту для сацыяльных сетак і асаблівасцяў яго прасоўвання з журналістамі дзяліліся дырэктар па развіцці «Яндэкс» у Беларусі Яўгеній Лашкевіч і начальнік упраўлення інфармацыйных каму-нікацый галоўнага ўпраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы ФПБ Вольга Зуёнак.
Безумоўна, роля слова, журналісцкага радка – значная. Ад таго і адказнасць за яго павялічваецца ў разы, асабліва падчас важных грамадска-палітычных працэсаў. І слова гэта павінна быць вывераным, сумленным і дакладным.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.