Тут смеццю не месца. Чаму адны наводзяць парадак, а другія, наадварот, яго парушаюць? У праблеме разбіраецца «ЛВ»

«…Як так можна? То пакет са смеццем кінуць, то вырванае пустазелле. Атрымліваецца, на магіле парадак. А што вакол –
мяне не датычыцца…».

Такі каментарый да фотаздымкаў, на якіх кучы смецця за агароджай праваслаўных могілак у райцэнтры, давялося нядаўна ўбачыць на адным з інтэрнэт-рэсурсаў.
У большасці каментарыяў –  абурэнне паводзінамі тых, хто смеціць, заклікі да сумлення такіх грамадзян. Але былі і тыя, хто абвінавачваў камунальнікаў. Маўляў, навошта забралі кантэйнер, які стаяў недалёка ад прыпынку гарадскога транспарту.
Праблема, узнятая неабыякавай гараджанкай, на жаль, для нашага райцэнтра не новая, неаднойчы гаварыў пра яе і «ЛВ». Пытанне навядзення парадку знаходзіцца на кантролі раённай улады. Рэгулярна арганізоўваюць рэйды, маніторынгі санітарная, прыродаахоўная, землеўпарадкавальная службы. Але, як ні стараюцца спецыялізаваныя службы, у прыватнасці камунгас, справіцца з праблемай пакуль не атрымліваецца.
Паспрабуем разабрацца ў сітуацыі разам са спецыялістамі ЖКГ.
– Пастаянна змагаемся з несанкцыянаванымі сметнікамі. Адны з самых частых – каля агароджы могілак. Па вуліцы Леніна пры ўездзе ў горад раней былі ўстаноўлены спецыяльныя кантэйнеры для збору адходаў з могілак. На працягу некалькіх гадоў штодня ў іх зносілі ўсё бытавое смецце і іншую непатрэбшчыну  жыхары шматпавярховак з вуліц Інтэрнацыянальнай і Леніна. Кожную раніцу работнікі ўчастка саначысткі вывозілі не толькі змесціва кантэйнераў, але і тое, што было накідана побач. На наступную раніцу смеццевая карціна, што вельмі непрывабна «прэзентавала» горад, зноў паўтаралася, – расказвае дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
У рэшце рэшт, было прынята рашэнне кантэйнеры пераставіць у іншае месца. Камунальнікі звярталіся да насельніцтва з заклікам захоўваць чысціню, інфармавалі пра новае месцазнаходжанне ёмістасцей. На жаль, зразумелі не ўсе. Былі ўстаноўлены фотапасткі, каб да парушальнікаў чысціні прыняць меры адміністрацыйнага характару. Але і гэта спрацоўвае не заўсёды…
Дарэчы, як паведамілі ў райжылкамунгасе, у горадзе размешчаны 63 кантэйнеры для збору смецця, 53 з іх – у сельскай мясцовасці.
Ёсць яшчэ кантэйнеры для паасобнага збору цвёрдых бытавых адходаў, якія ўстаноўлены не толькі ў горадзе, але і ў многіх сельскіх населеных пунктах (усяго 270 ёмістасцей). Па стане на  1 кастрычніка камунгас заключыў 4911 дагавораў на вываз смецця ў райцэнтры (з якіх – 1716 у прыватным сектары) і 5948 – у сельскай мясцовасці.
Пры ўсім гэтым, на жаль, колькасць стыхійных сметнікаў не змяншаецца…
Кожны з нас у адказе за чысціню і парадак там, дзе жыве, працуе, адпачывае. Вось толькі, некаторыя чамусьці забываюць вядомую ісціну: чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць.
Ствараць і падтрымліваць статус сучаснага і ўтульнага горада, якім, хочацца верыць, з’яўляюцца і нашы Ляхавічы, – агульная задача. Важна разумець, што ў парадку навокал ёсць хоць і невялікая, але такая важкая часцінка працы ўсіх і кожнага.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.