Накірункі бяспекі

Справаздачу пра стан траўматызму навучэнцаў і забеспячэнне бяспекі адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі раёна трымала начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

У гэтым важным аспекце работы дакладчык акрэсліла тры асноўныя накірункі. Першы – прафілактыка. Яна ўключае ў сябе фарміраванне ў дзяцей, работнікаў устойлівых навыкаў бяспечных паводзін пры ўзнікненні надзвычайных і розных нестандартных сітуацый. У школах і дзіцячых садках, пазашкольных установах створана цэлая сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на ахову здароўя, супрацьпажарную і тэхнагенную бяспеку, папярэджанне дарожна-транспартнага траўматызму.
Другі накірунак – арганізацыя калектыўнай бяспекі. У агульнаадукацыйных установах устаноўлены 50 камер відэаназірання, з іх 32 – для кантролю доступу, 17 – у спартыўных залах, 15 – у памяшканнях харчаблокаў. У 14 установах адукацыі ёсць кнопкі трывожнага выкліку міліцыі, 26 устаноў абсталявана сістэмамі пажарнай аўтаматыкі. Стопрацэнтная забяспечанасць і аб’ектавымі рэтранслятарамі сістэмы перадачы паведамленняў «Маланка» з падключэннем на пункт дыспетчарызацыі МНС. Сістэмамі паведамлення пра пажар неабходна абсталяваць Начаўскую СШ (запланавана на 2020 год) і Тухавіцкую СШ (2021 год).
Трэці накірунак – умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і выкананне плана па забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва. Ва ўсіх установах адукацыі ёсць гарачае водаза-беспячэнне. Завершана рэканструкцыя штучнага асвятлення ў вучэбных кабінетах, праводзіцца планавае перааснашчэнне камп’ютарнай тэхнікай і мэбляй. За апошнія тры гады
новыя камп’ютары з’явіліся ў кабінетах інфарматыкі пяці школ, набыта 150 камплектаў вучнёўскай мэблі, 98 канторак, 12 адзінак станочнага абсталявання ў майстэрні пяці школ. За 2015-2019 гады ў 12 установах адукацыі выкананы цякучы рамонт асфальтабетоннага пакрыцця пешаходных дарожак агульнай плошчай 9445 квадратных метраў.
Для рабят распрацаваны і зацверджаны правілы ўнутранага працоўнага распарадку, праграмы і патрабаванні бяспекі па вучэбных прадметах і занятках.
Як вынік праведзенай работы ў вышэйазначаным накірунку – з 2008 года ў дзіцячых садках не зарэгістравана траўматызму сярод выхаванцаў. Што тычыцца школ, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама нагадала: летась зарэгістраваны дзве траўмы навучэнцаў на ўроках фізкультуры. Па кожным выпадку праведзена праверка.

Галіна КАНЬКО.