У фармаце міні. Новая рубрыка атрымае прапіску на старонках «Ляхавіцкага весніка»

«Наш футбол». Пачынаючы з гэтага нумара, такая рубрыка атрымае пастаянную прапіску на старонках «Ляхавіцкага весніка». Назва вызначае сутнасць: пад рубрыкай знойдуць сваё адлюстраванне ўсе раённыя і не толькі навіны і падзеі на тэму гульні нумар адзін у свеце. Сёння – дэбют праекта.


Фота з архіва МФК «Белпрамтрэйдынг».

Глыбокая восень прыносіць пахаладанне і слоту, мяняе некаторыя жыццёвыя расклады, фарматы паводзін. Таму ж футболу, напрыклад, становіцца няўтульна на адкрытых усім ветрам стадыёнах. Назіраецца перамяшчэнне са зменай дэкарацый і фармату гульні. Асабліва актуальным становяцца міні-футбол і пакуль яшчэ футзал.

Малодшы брат вялікага  футбола

Крыху больш тыдня назад стартаваў розыгрыш Кубка Рэспублікі Беларусь па міні-футболе. Спробу калі не дацягнуцца да Кубка, то хоць як мага вышэй прайсці па турнірнай сетцы зрабіла каманда «Белпрамтрэйдынг» размешчанага ў Ляхавічах аднайменнага ТАА. Гэта была гульня 1/16 фіналу, у якой ляхавічанам супрацьстаяла каманда «Шчучын» (па назве горада ў Гродзенскай вобласці) – удзельніка вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе.
Сустрэча праходзіла ў баранавіцкім спарткомплексе «Атлант». Завяршылася на карысць вышэйшых па рэйтынгу – 4:2. Аднак, не без барацьбы. Як расказаў дырэктар і натхняльнік «футбольнай тэмы» ТАА «Белпрамтрэйдынг» Сяргей Юшкевіч, першы тайм атрымаўся безгалявым – 0:0. Пры роўнай, у цэлым, гульні, «ажывіць» лічбы на табло магла кожная з каманд – небяспечныя моманты ўзнікалі як каля адных, так і другіх варот.
Вырашальнай стала другая палова матча. Больш доўгая турнірная практыка, камандны вопыт МФК «Шчучын» дазволілі камандзе спачатку адкрыць лік сустрэчы, а затым і некалькі разоў замацаваць яго. На пэўным адрэзку часу «Белпрамтрэйдынг» саступаў з лікам 4:0. Прыкладзеныя намаганні дазволілі ляхавічанам адыграць два мячы, аднак, адыграцца не атрымалася. Фінальны свісток зафіксаваў перамогу шчучынскіх футбалістаў. Далейшы, ужо на стадыі 1/8 фіналу розыгрыш Кубка прадоўжыцца без МФК «Белпрамтрэйдынг». А «Шчучын» сваю наступную ў рамках турніру гульню правёў з аршанскім «Вітэнам» – адной з мацнейшых міні-футбольных дружын краіны. І прайграў, што называецца, у адны вароты з лікам 11:1.

Ліга футзала

Прайшло ўжо дастаткова часу, як стартаваў адкрыты чэмпіянат горада Баранавічы па футзалу. Гэта яшчэ адзін «паркетны» варыянт гульні нумар адзін. Ад міні адрозніваецца не кардынальна, але са сваімі асаблівасцямі. Узгаданае вышэй спаборніцтва праводзіць аматарская ліга футзала горада Баранавічы, асноўным спонсарам якой з’яўляецца ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы». Удзельнічаюць у ім 20 каманд з Нясвіжа, Клецка, Ганцавіч. Баранавічы прадстаўлены некалькімі калектывамі, Ляхавічы – двума. Той жа «Белпрамтрэйдынг», акрамя асноўнай каманды, заявіў яшчэ «Белпрамтрэйдынг–Юні», склад якой фарміруюць ляхавічане ўзростам ад 16 да 21 года: старшакласнікі, студэнты, працуючыя юнакі. Прайшло чатыры туры спаборніцтва, у якіх асноўная каманда «Белпрамтрэйдынга» атрымала тры перамогі. У большасці выпадкаў – з вялікай і па гульні, і па ліку перавагай над сапернікам. Акрамя апошняй, якая адбылася ў мінулую нядзелю, сустрэчы, дзе ляхавічанам супрацьстаялі спартсмены з Ганцавіч. Матч праходзіў ва ўпартай барацьбе з мноствам небяспечных момантаў і завяршыўся з лікам 1:2. На жаль, не на карысць «Белпрамтрэйдынга». Склад «Юні», наадварот, у нядзелю адкрыў лік сваіх перамог на турніры. Пасля паражэнняў у трох першых турах была абыграна каманда Баранавіцкага завода станкапрыналежнасцяў – 5:4.
– Спадзяёмся на пераможны працяг каманды «Юні» і ўсяго ляхавіцкага футбола, – гаворыць Сяргей Юшкевіч.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з архіва МФК «Белпрамтрэйдынг».