Новыя адкрыцці адкрытага турніру

Адкрытае першынство СДЮШАР горада Івацэвічы па лёгкай атлетыцы памяці былога дырэктара школы Віктара Глушэні сёлета адзначыла 16-годдзе. Як расказаў трэнер-выкладчык СДЮШАР Ляхавіцкага раёна Андрэй Іванюценка, 26 кастрычніка форум юных лёгкаатлетаў вобласці прымаў параўнальна нядаўна ўзведзены Івацэвіцкі футбольна-лёгкаатлетычны стадыён. Сучаснае пакрыццё бегавога авала гарантавала камфортны бег, садзейнічала добрым вынікам. Як, дарэчы, і абсталяванасць сектараў для кіданняў.
Спаборніцтвы праходзілі ў трох узроставых катэгорыях – сярод юнакоў і дзяўчат 2006, 2007, 2008 гадоў нараджэння. У праграме стартаў – бег на 60, 300 і 600 метраў, спартыўная хадзьба на
1000 метраў, штурханне ядра і кіданне дыска.
У Івацэвічы прыехалі каманды з Баранавіч, Бярозаўскага, Кобрынскага, Ганцавіцкага, Брэсцкага, Пружанскага і Ляхавіцкага раёнаў. Калі б
падсумоўваўся агульнакамандны залік спаборніцтваў, зусім верагодна, што ляхавічане былі б першымі. Меркаваць такімі катэгорыямі дазваляе факт заваявання нашымі юнымі спартсменамі дзевяці медалёў рознай вартасці: аднаго бронзавага, чатырох сярэбраных і такой жа колькасці залатых. Пераможцамі адкрытага першынства сталі Вячаслаў Пірштук у бегу на 600 метраў, Цімур Плеўскі – спартыўнай хадзьбе, Уладзіслаў Арлоўскі – штурханні ядра. Усе – 2007 года нараджэння. На дыстанцыі 600 метраў таксама першынстваваў наш Максім Болтуць, які спаборнічаў сярод атлетаў 2006 года нараджэння.

Іван КАВАЛЕНКА.