Шчасце – дома. Амаль паўстагоддзя крочаць па жыцці разам ляхавічане Галіна і Уладзімір Ярац

Шаснаццацігадовая дзяўчынка збягае з дому… Гэта не сюжэт чарговай драмы ці трылера, а рэальная гісторыя з жыцця. Праўда, адбылася яна не сёння і нават не ў гэтым стагоддзі, а амаль 60 гадоў назад. Дзяўчынку, якая жыла ў Жарабковічах, звалі Галіна. А ўцякла яна… па камсамольскай пуцёўцы будаваць Абакан-Тайшыцкую чыгунку «Дружба» ў Казахстане.

– Хацелася даказаць сабе і іншым, што магу справіцца. Цяжкасцей не баялася, бо да сялянскай працы звыклая. Дома нікому нічога не сказала. Райкам камсамола дапамог купіць касцюм, і разам з групай такіх жа апантаных юнакоў і дзяўчат адправілася насустрач нязведанаму. Некаторыя пратрымаліся некалькі месяцаў, я працавала паўтара года, – успамінае маладосць Галіна Ярац.
Пераважная частка працоўнай біяграфіі нашай зямлячкі – раман з адной з самых мірных прафесій у свеце. Галіна Аляксееўна –настаўнік. Уся яе педагагічная дзейнасць – піянерважатая, настаўнік пачатковых класаў, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце –  пачалася і ішла па прыступках кар’ернай лесвіцы ў  СШ № 2 райцэнтра.
– Не проста любіла сваю работу, жыла ёю. Працаваць з дзецьмі –
задавальненне, адчуваеш сябе заўжды маладой. Неабходна пастаянна ўдасканальвацца, шмат чытаць, каб зацікавіць школьнікаў. Таму ніколі не стамлялася вучыцца, – падкрэслівае вопытны педагог.
У яе біяграфіі ёсць і культурная старонка. Ініцыятыўнай, лёгкай на пад’ём дзяўчыне, якая не баялася спрабаваць усё новае, прапанавалі ўзначаліць ГДК – згадзілася. Была дырэктарам, метадыстам. Менавіта тут і сустрэла сваю другую палавінку.
– Пасля праходжання тэрміновай вайсковай службы ў адной з воінскіх часцей у Ляхавічах вырашыў застацца на звыштэрміновую. Аднойчы з сябрам зайшлі ў Дом культуры, дзе ўбачыў надзвычай прыгожую дзяўчыну. Як было не закахацца! З першага погляду зразумеў, што яна будзе маёй жонкай, – далучаецца да размовы Уладзімір Ярац.
– Разам мы ўжо 48 гадоў – як адзін дзень, – гаворыць Галіна Аляксееўна. – У сям’і я хоць і галоўная, але заўжды раюся з мужам, ён падтрымка і апора на працягу ўсяго жыцця. Мой Валодзя –неверагоднай дабрыні чалавек, да яго цягнуцца людзі.
Уладзіміру Ярацу давялося служыць і ў Латвіі, і на Камчатцы. Але заўжды ведаў: дома, у Ляхавічах, у яго надзейны тыл, тут чакаюць любімыя жонка, дачка і сын. Стараўся любую свабодную ад службы хвіліну праводзіць разам з сям’ёй. Але не забываў і пра ўласнае захапленне – рыбалку, якой не здраджвае і цяпер.
– Увесь наш раён аб’ездзіў з вудачкай, бываю і ў суседнім Ганцавіцкім, дача шмат часу забірае, паважаю і ціхае паляванне – грыбное, – расказвае Уладзімір Уладзіміравіч.
Ёсць у сям’і Ярацаў і агульныя любімыя заняткі. Разам разгадваюць крыжаванкі, абавязковы сумесны вячэрні прагляд тэлевізійных навін.
Чалавек, які ўмее ладзіць з дзецьмі, з дабрынёй і павагай будзе адносіцца і да дарослых. Уменне знайсці падыход да любога чалавека дапамагала Галіне Ярац на працягу многіх гадоў паспяхова ўзначальваць вялікую і вельмі актыўную ветэранскую педагагічную сям’ю Ляхавіччыны. Яна была ініцыятарам і натхняльнікам цікавага разнастайнага жыцця шаноўных настаўнікаў залатога ўзросту. А сёлета ў першы дзень года са словамі павагі і шанавання з 75-гадовым юбілеем яе прыйшлі павіншаваць калегі.
На пытанне, ці хапала за безліччу спачатку школьных, а потым ветэранскіх спраў часу на сям’ю, Галіна Яраць упэўнена адказвае:
– Работа , кар’ера – вельмі важна для чалавека, але ніхто і нішто не заменіць цяпло і ўтульнасць роднага дому, блізкіх людзей. Сям’я – аснова ўсяго. Я шчаслівы чалавек, бо ў мяне ёсць мой Валодзя, дачушка Вікторыя, сын Дзмітрый і трое ўнукаў.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.