Дзеля людзей і малой радзімы

Юрый ЧАРАНКЕВІЧ, старшыня Крывошынскага сельскага Савета дэпутатаў:
– Ужо на наступным тыдні землякі могуць прыйсці на выбарчы ўчастак і аддаць свой голас за кандыдата ў дэпутаты Парламента нашай краіны.
Гэта важная і адказная справа, і да яе трэба падысці асэнсавана, каб спыніць свой выбар на чалавеку, які дастойна зможа прадставіць наш раён у вышэйшым заканадаўчым органе – Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Гэта якраз той выпадак, калі кожны голас вызначальны. Толькі разам мы можам ствараць, вырашаць праблемы, што ўзніклі, выпраўляць недахопы і недапрацоўкі.
Сапраўды, талака – сур’ёзная сіла. Для прыкладу – адноўлены Рэпіхаўскі парк. Штогод на яго добраўпарадкаванні, прычым не толькі падчас суботнікаў, працавалі прадстаўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый: лясгаса, Крывошынскага сельвыканкама, лячэбна-вытворчых майстэрняў, электрасетак, вузла электрасувязі, школьнікі і настаўнікі, нераўнадушныя землякі. А сёлета ў кастрычніку, можна сказаць, адбылося другое нараджэнне парку. Добраўпарадкаваны турыстычны аб’ект, гатовы сустракаць шматлікіх гасцей.
Упэўнены, што не толькі гэты маршрут прывабны для айчынных і замежных турыстаў, на Ляхавіччыне адметных краявідаў з багатай гісторыяй хапае. І раённая ўлада клапоціцца пра іх захаванасць і развіццё.
Добраўпарадкаванне – гэта не толькі навядзенне чысціні і стварэнне ўтульнасці ў палацава-паркавых ансамблях. Гэта парадак у райцэнтры, аграгарадках, вёсках. Прыемна чуць, што Ляхавіцкі раён – прыгожы, чысты і гасцінны край. Але, каб падтрымліваць такі статус, трэба шмат працаваць усім і кожнаму.
Пытанні працаўладкавання, медыцынскай дапамогі, адукацыі – у пастаянным полі зроку і парламентарыяў. Да свайго дэпутата мы зможам звяртацца за вырашэннем многіх надзённых праблем. Таму, перакананы, трэба рабіць выбар на карысць чалавека, які не на словах, а на справе паспрыяе іх вырашэнню.
Сваім землякам раю: знайдзіце час і ўважліва вывучце праграму кожнага кандыдата ў дэпутаты, а, па магчымасці, схадзіце на сустрэчу з ім – дыялог лішнім не будзе. Важна, каб ва ўладу на такім высокім узроўні прыходзілі неабыякавыя, зацікаўленыя, кампетэнтныя людзі, тыя, каго сапраўды хвалюе лёс раёна і краіны.