Словы не павінны быць проста словамі. Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Анатолій Маркевіч правёў тэлефонную лінію і асабісты прыём грамадзян у Ляхавічах

Калі грамадзянін звяртаецца да прадстаўнікоў улады на прамую тэлефонную лінію або прыходзіць на асабісты прыём, хвалюючае пытанне ці праблема разглядаецца індывідуальна, дэталёва, прадметна і, самае галоўнае, вынікова. У мінулы аўторак памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Анатолій Маркевіч правёў тэлефонную лінію і асабісты прыём грамадзян у Ляхавічах.

Па гарачым нумары прамой лініі са сваім пытаннем да памочніка Прэзідэнта патэлефанавалі пяць жыхароў Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў. Многія сітуацыі вырашаліся літаральна на месцы. Напрыклад, жыхарка Куршынавіч звярнулася са скаргай на якасць сена, якое яна набыла ў ААТ «Жарабковічы». Як адзначыла жанчына, ні сена ёй не замянілі, ні грошы не вярнулі (210 рублёў). Анатолій Маркевіч атрымаў тлумачэнне і абяцанне ад кіраўніка ААТ прыняць аператыўныя меры па вырашэнні сітуацыі.
Іншыя пытанні датычылі стану прысядзібных участкаў, налічэння пенсій, добраўпарадкавання тэрыторый агульнага карыстання і г.д.
Задаволенымі засталіся і жыльцы дома № 12 па вуліцы Чкалава ў райцэнтры. «Капітальная» гісторыя, з якой яны прыйшлі, пачалася з 2013 года. Сёння сітуацыя выпраўлена: праектна-каштарысная дакументацыя падрыхтавана. А значыць, рамонтныя работы хутка пачнуцца і па гэтым адрасе. Аднак, жыльцы дома ўсё ж занепакоены некаторымі момантамі ў праекце. Як запэўніў дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі, якасныя і сучасныя будматэрыялы пры рамонце па ўсіх нормах і правілах праслужаць жыльцам мінімум 20-25 гадоў. А вось пытанне з уцяпленнем пакінута на разгляд мясцовай улады, паколькі гэты від работ не ўваходзіў у план капітальнага рамонту. Чаго не скажаш пра добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі, пра якую камунальнікі паклапоцяцца.
Частая тэма падчас сустрэч з насельніцтвам, прамых тэлефонных ліній, электронных зваротаў і г.д. – якасць дарожнага пакрыцця. З такім пытаннем падчас асабістага прыёму звярнулася ляхавічанка. Жанчына адзначыла, што прыдамавая тэрыторыя дома № 22 па вуліцы Арлоўскага не добраўпарадкавана (у цёмны час сутак тут наогул небяспечна). Пытанне на кантролі – бяспека перш за ўсё. На аловак такую заўвагу адправілі камунальнай службе.
Жыхара Куршынавіч, у тым ліку, хвалюе стан участка дарогі Мядз-ведзічы – Куршынавічы, ён жадаў бы бачыць яго асфальтаваным. Аднак, паколькі на гэтым накірунку не настолькі актыўны аўтамабільны рух, ДРБУ-200 будзе, па магчымасці, часцей грэйдзіраваць гэты ўчастак.
Да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Брэсцкай вобласці Анатолія Маркевіча звярнуліся на прыём адзінаццаць чалавек.
На жаль, бываюць выпадкі, калі ўзнятае пытанне праблемным не з’яўляецца і не вартае ўвогуле дэталёвага разгляду. Відавочна, што чалавек не валодае інфармацыяй і проста імкнецца жаданае выдаць за рэальнае. Але і ў такіх выпадках адказ даецца разгорнуты, каб не ўзнікла недамоўленасцей.
Трэба разумець, што не кожнае пытанне магчыма вырашыць, або для яго вырашэння патрабуецца час, каб вывучыць нюансы, разабрацца з дэталямі. Але ніводная скарга, прапанова, пытанне, праблема не застаюцца па-за ўвагай прадстаўнікоў улады.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.