Багаты ўраджай узнагарод прывезлі з абласнога святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі ляхавічане

Узнагароду ад старшыні аблвыканкама Кантанціна Сумара прымае старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук.

Горад Белай вежы старажытны Камянец — ужо другі раз на працягу асенніх месяцаў прымяраў да сябе вобраз абласной аграрнай сталіцы. Спачатку ў першай палове верасня прымаў фестываль працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2012». А ў мінулую пятніцу стаў пляцоўкай святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК Брэстчыны.
Усе дарогі вялі ў мясцовы Дом культуры. Поўны прыгожых гукаў «жывой», у выкананні аркестра, музыкі, ён шчыра вітаў лепшых прадстаўнікоў аграрных прафесій. Тых, хто сваёй нястомнай працай заслужыў права на званне пераможцы абласнога спаборніцтва ў сваіх намінацыях сельгасвытворчасці.
У фае, адной з залаў ДК экспанаваліся выставы жывапісу, вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, іншае. Вядомыя далёка за межамі Берасцейскага краю перапрацоўчыя «брэнды» выставілі на продаж, прапаноўвалі для дэгустацыі прадукцыю ўласнай вытворчасці: хлебабулачныя, малочныя, мясныя вырабы ў багатым асартыменце.
Але ж гэта антураж, святочны рэквізіт. Галоўная ж дзея святочных урачыстасцяў адбывалася ў галоўнай жа зале ДК, пачалася са шчырых слоў старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара, які адрасаваў работнікам аграрнай галіны віншаванні з нагоды прафесійнага дня:
— Для нашай аграрнай вобласці гэты дзень з’яўляецца асабліва дарагім і паважаным. Таму, што вынікі работы аграсектара ўтвараюць не толькі харчовую бяспеку, але і ў поўнай меры вызначаюць эканамічнае развіццё ўсёй вобласці.

І  гэта не проста словы, паколькі сёння сельгасгаліна фарміруе больш як пятую частку валавага рэгіянальнага прадукту. Складае самую значную долю сельскай гаспадаркі ў эканоміцы сярод рэгіёнаў краіны. Дастаткова сказаць, што ў аграрыяў Гродзеншчыны гэты паказчык раўняецца 19 працэнтам, у Магілёўскай і Мінскай абласцях — па 15. Хоць яшчэ ў мінулым годзе па названым паказчыку мы былі толькі чацвёртымі. Сёлета ўпершыню валавы збор зерня з улікам кукурузы ў вазе пасля дапрацоўкі перавысіў 1,4 мільёна тон. Ураджайнасць большую за 40 цэнтнераў атрымалі 5 раёнаў — Бярозаўскі, Брэсцкі, Іванаўскі, Камянецкі і Пружанскі. А ў Баранавіцкім і Ляхавіцкім раёнах яна наблізілася да 50 цэнтнераў з гектара. Вялікім дасягненнем стала і тое, што па ўмовах рэспубліканскага спаборніцтва вобласць упершыню была прызнана пераможцай на ўборцы зерневых і зернебабовых культур. Але, кажучы мовай спорту, не так цяжка заваяваць пазіцыі, як утрымаць іх. Нам трэба вельмі сур’ёзна на гэту тэму падумаць, ужо зараз закласці аснову, каб не спатыкнуцца ў 2013-м. Мы можам працаваць, можам дасягаць высокіх вынікаў.

Канстанцін Сумар віншуе з перамогай старшыню СВК «Ляхавіцкі» Аляксандра Вітко.

Акрамя ўжо ўзгаданага Ляхавіччына ў выступленні старшыні аблвыканкама гучала яшчэ ў кантэксце высокіх вытворчых дасягненняў. Так, наш раён аказаўся ў ліку чатырох у вобласці, дзе ўраджайнасць цукровых буракоў перавысіла 500 цэнтнераў з гектара. Іншы прыклад тычыцца жывёлагадоўлі і адрасаваны ЗАТ «Белпрампрыбор», на свінагадоўчым комплексе якога сутачныя прывагі жывёліны на адкорме склалі больш за 800 грамаў.
Апагей святкавання дня хлебароба і перапрацоўшчыка — словы падзякі, віншаванні і ўручэнне заслужаных у нялёгкай сялянскай працы знакаў прызнання, узнагарод. Несумненна, колькасць і якасць апошніх гаворыць пра месца Ляхавіччыны на аграрнай карце Брэсцкай вобласці.
За дасягненне ў 2012 годзе высокіх паказчыкаў на вытворчасці піваваранага ячменю пераможцам абласнога спаборніцтва з прысуджэннем першага месца прызнаны Ляхавіцкі раён. Тое ж, але з прысуджэннем трэцяга месца, Ляхавіччына заваявала і ў вытворчасці цукровых буракоў. Ганаровыя дыпломы адпаведнай ступені Канстанцін Сумар урачыста ўручыў старшыні райвыканкама Дзмітрыю Бурдуку.
СВК «Ляхавіцкі» і «Шлях новы» выйшлі пераможцамі з прысуджэннем трэцяга месца, адпаведна, за дасягненні ў вырошчванні бульбы і піваваранага ячменю. За ўзнагародамі на сцэну падымаліся старшыні Аляксандр Вітко і Аляксандр Вашчук.

Старшыня СВК «Шлях новы» Аляксандр Вашчук.

Найбольшую сярод нашых землякоў «калекцыю» асабістых узнагарод сабралі працаўнікі «Ляхавіцкага». Сярод асобных катэгорый работнікаў жывёлагадоўлі пераможцамі аблспаборніцтва з прысуджэннем першага месца прызнаны тэхнік па штучным асемяненні БРЖ Іван Патаповіч, з прысуджэннем трэцяга месца — аператар машыннага даення Галіна Красоўская, аператар па вырошчванні і адкорме БРЖ Зоя Шклянік, аператар па вырошчванні рамонтных цялушак Валянціна Жарская. Таццяна Масцілоўская з СВК «Жарабковічы» прызнана пераможцай з прысуджэннем ёй першага месца ў спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення па групе гаспадарак з прадукцыйнасцю даення за папярэдні год роўнай 4000-5000 кілаграмаў малака. Прызёрам спаборніцтва сярод аператараў па вырошчванні і адкорме свіней стаў Уладзімір Кендыш з ЗАТ «Белпрампрыбор».
Акрамя таго, Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт узнагародзіў Граматай галоўнага агранома СВК «Ляхавіцкі» Івана Вітко і Падзячным пісьмом трактарыста-машыніста СВК «Жарабковічы» Івана Сковыша: за значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх працоўных паказчыкаў і ў сувязі з прафесійным святам.
Старшыня «Ляхавіцкага» Аляксандр Вітко адзначаны таксама Ганаровай граматай Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *